Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранты непадалёк ад памежнага пераходу «Брузгі» — «Кузьніца»
Мігранты непадалёк ад памежнага пераходу «Брузгі» — «Кузьніца»

Стральба і новыя спробы прарыву ў Польшчу. Крызіс на мяжы: што адбываецца 10 лістапада

  • 8 лістапада тысячы мігрантаў прыйшлі да калючага дроту на мяжы Беларусі з Польшчай. Урад Польшчы заявіў, што прыводзіць свае войскі ў поўную баявую гатоўнасьць.
  • 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца», непадалёк ад якога сабраліся мігранты.
  • Уначы з 9 на 10 лістапада дзьве групы мігрантаў прарваліся ў Польшчу.
  • Літва з 10 лістапада ўвяла рэжым надзвычайнага становішча ўздоўж мяжы зь Беларусьсю.
14:57 10.11.2021

Беларускія межы пачалі патруляваць расейскія бамбавікі

Ту-22М3 у вайсковым парадзе над Масквой, 2020 год
Ту-22М3 у вайсковым парадзе над Масквой, 2020 год


У паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбардавальнікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.

Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што ад сёньня такія палёты будуць рэгулярнымі.

«Гэта меры адэкватнага рэагаваньня на абстаноўку, што складваецца як у паветры, так і на зямлі», — адзначыла Мінабароны Беларусі ў паведамленьні прэсавай службы.

Таксама ў неба падымалі зьнішчальнікі, «якія ўваходзяць у камплект адзінай рэгіянальнай сыстэмы войскаў супрацьпаветранай абароны».

Да таго ж, уздоўж мяжы з Эўразьвязам беларускія ўлады павялічылі колькасьць дзяжурных сілаў супрацьпаветранай абароны.

15:02 10.11.2021

Затрыманьні за спрыяньне нелегальнаму перасячэньню мяжы

Польская Памежная варта затрымала грамадзянаў Расеі, Швэцыі і Літвы за спрыяньне нелегальнай міграцыі, піша «Настоящее время».

15:10 10.11.2021

Міністар нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак выступіў у Сэйме

Ён заявіў дэпутатам, што ўрад лічыць прыярытэтнай справай бясьпеку дзяржавы. Становішча зь мігрантамі на мяжы названае галоўным выпрабаваньнем для польскіх службаў за дзесяцігодзьдзі. І на дадзены момант польскія паліцыя і Памежная варта здаюць гэты іспыт на «выдатна».

15:25 10.11.2021

Сустрэча ў Вашынгтоне

Старшыня Эўракамісіі Ўрсула фон дэр Ляен 10 лістапада сустрэнецца ў Белым доме з прэзыдэнрм Злучаных Штатаў Джо Байдэнам, паведаміла ў твітэры карэспандэнтка RMF FM.

Раніцай 10 лістапада Памежная варта Польшчы паведаміла, што дзьве вялікія групы мігрантаў — па некалькі дзясяткаў чалавек у кожнай — прарваліся ў Польшчу з тэрыторыі Беларусі. Гэта адбылося ўначы ў ваколіцах Крынак і Белавежы. Неўзабаве вайскоўцы затрымалі ўсіх, хто ўдзельнічаў у прарыве.

15:44 10.11.2021

Мінінфарм хоча акрэдытаваць польскіх журналістаў

Міністэрства інфармацыі Беларусі паведаміла, што гатовае акрэдытаваць польскіх журналістаў для працы па беларускі бок мяжы.

«Выклікае абурэньне сам факт забароны польскім бокам на працу прадстаўнікоў мэдыяў у прымежнай зоне, што зьяўляецца грубым парушэньнем права журналістаў на ажыцьцяўленьне сваёй прафэсійнай дзейнасьці».

Польскія службы не дапускаюць журналістаў у памежную паласу праз дзейны надзвычайны стан, абвешчаны ў сувязі зь міграцыйным крызісам.

Паводле інфармацыі беларускага міністэрства, у супрацы з МЗС яно шукае спосабы дастаўкі і акрэдытацыі польскіх журналістаў у Беларусі.

Раней у Беларусі пазбавілі акрэдытацый журналістаў замежных СМІ, ліквідавалі шэраг рэдакцый, а каля 30 журналістаў знаходзяцца ў турме па палітычна матываваных крымінальных справах.

15:59 10.11.2021

Прадстаўнік Курдзкага рэгіянальнага ўраду ў Польшчы: курдзкія мігранты хлусяць эўрапейскім прадстаўнікам

Зіяд Рауф абвінаваціў курдзкіх мігрантаў на беларуска-польскай мяжы ў хлусьлівай інфармацыі, якую тыя падаюць эўрапейскім прадстаўнікам, што зьяўляецца дыскрэдытацыяй Курдзкага рэгіянальнага ўраду.

У прыватнасьці, па словах Рауфа, некаторыя курды на мяжы заявілі польскім памежнікам, што яны журналісты, якіх арыштоўвалі і катавалі на радзіме. Некаторыя іншыя заяўлялі пра тое, што Курдзкая дэмакратычная партыя нібыта прымушала іх ваяваць супраць Курдзкай рабочай партыі. Па словах прадстаўніка, ёсьць і іншыя выдуманыя гісторыі.

Зіяд Рауф адзначыў, што адсутнічае дакладная статыстыка колькасьці курдаў у Польшчы. Аднак у краіне зарэгістравана каля 1200 чалавек з пашпартамі Іраку, якія пераважна зьяўляюцца этнічнымі курдамі.

16:18 10.11.2021

Гуманітарная дапамога ад Чырвонага Крыжа

Беларускі камітэт Чырвонага Крыжа перадаў першую чатску гуманітарнае дапамогі мігрантам на беларуска-польскай мяжы, інфармуюць naviny.by. Агулам заплянавана перадаць 5300 літраў пітной вады, 1,5 тоны мясной прадукцыі, 500 кг ялавічнай тушонкі, 1000 хлебабулачных вырабаў, 1200 адзінак кандытарскіх вырабаў, 200 кг яблыкаў, 100 прадуктовых набораў, 1000 адзінак адзеньня і шкарпэтак і 51 баваўняную коўдру.

Арганізацыя таксама аб’явіла дабрачынную кампанію па зборы сродкаў на дапамогу мігрантам.

У сярэдзіне верасьня Беларускі Чырвоны Крыж узначаліў старшыня Менскай гарадзкой выбарчай камісіі ў прэзыдэнцкай кампаніі-2020. Міжнародная супольнасьць не прызнала вынікі выбараў і заявіла пра масавыя фальсыфікацыі вынікаў на карысьць Лукашэнкі. БЧК раней неаднаразова абвінавачвалі ў абыякавасьці да фактаў катаваньняў вязьняў у беларускіх турмах і ўмоваў утрыманьня людзей у камэрах.

16:34 10.11.2021

15 лістапада Эўразьвяз разгледзіць новы пакет санкцый

Рыхтуецца разгляд новых санкцый у дачыненьні ўладаў Беларусі. Пра гэта 10 лістапада паведаміў кіраўнік Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль, які цяпер у Варшаве сустракаецца з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім. Ён заявіў, што Эўразьвяз будзе прыкладаць намаганьні, каб заблякаваць пералёты з краін Блізкага Ўсходу ў Беларусь.

17:11 10.11.2021

Беларускі сілавік суправаджае мігрантаў да мяжы. ВІДЭА

Памежная варта Польшчы апублікавала чарговае відэа зь мяжы, на якім бачна, як чалавек у вайсковай форме суправаджае групу мігрантаў уздоўж агароджы. Польскія службы штодзённа зьбіраюць і дэманструюць факты таго, што беларуская міліцыя і памежная служба прымаюць актыўны ўдзел у спрыяньні нелегальнага прарыву польскай мяжы.

17:33 10.11.2021

Польшча настойвае на забароне палётаў у Беларусь з Блізкага Ўсходу

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў пра тое, што Польшча будзе настойваць на забароне пералётаў з краін Блізкага Ўсходу ў Беларусь. Ён заклікаў да дыпляматычных дзеяньняў у сталіцах блізкаўсходніх дзяржаў, а таксама назваў сытуацыю зь мігрантамі ў Беларусі «палітычным шантажом».

18:12 10.11.2021

Эўрадэпутат Сікорскі: трэба прызнаць Лукашэнку тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу

Эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заклікаў Эўрапарлямэнт падтрымаць выдачу Лукашэнкі Міжнароднаму трыбуналу і прызнаць яго тэрарыстам. 10 лістапада ў Страсбургу ён нагадаў эўрадэпутатам пра палітычныя забойствы ў 90-х і цяперашні крызіс.

У сваім выступленьні Сікорскі падкрэсьліў асаблівую ролю Пуціна ў цяперашнім міграцыйным крызісе на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой. Ён ужыў расейскае слова «крыша» (дах), гаворачы пра тое, што дзеяньні Лукашэнкі адбываюцца з узгодненага з Масквой пляну.

18:43 10.11.2021

Беларускія сілавікі адштурхоўваюць мігрантаў на мяжы

Такое відэа апублікаваў у Twitter прэс-сакратар міністра-каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын. Паводле яго, праз паводзіны беларусаў на польскай мяжы «зьяўляюцца дадатковыя рызыкі» і «натоўп становіцца небясьпечным».

Як лічыць Жарын, рашэньне памежнай службы Польшчы аб закрыцьці прапускнога пункта «Кузьніца» было правільным.

18:47 10.11.2021

Прадстаўнік NATO: Беларусь нясе адказнасьць за гэты крызіс

Прадстаўнік NATO паведаміў Радыё Свабода, што 10 лістапада Польшча паінфармавала Паўночнаатлянтычную раду пра сытуацыю на беларуска-польскай мяжы.

«Саюзьнікі па NATO выказваюць поўную салідарнасьць з Польшчай і іншымі саюзьнікамі, закранутымі відавочнай інструмэнталізацыяй мігрантаў з боку Беларусі. — сказаў ён. — Саюзьнікі далі зразумець, што Беларусь нясе адказнасьць за гэты крызіс і што выкарыстаньне рэжымам Лукашэнкі мігрантаў як гібрыднай тактыкі зьяўляецца негуманным, незаконным і непрымальным. NATO працягвае ўважліва адсочваць сытуацыю. Генэральны сакратар застаецца ў шчыльным кантакце з урадамі краінаў Альянсу ў гэтым пытаньні. NATO застаецца напагатове надалей дапамагаць нашым саюзьнікам і захоўваць бясьпеку ў рэгіёне»

18:50 10.11.2021

Прадстаўніца МЗС Расеі назвала прыём Ціханоўскай і беларусаў прычынай міграцыйнага крызісу

Адной з прычын цяперашняга міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і Польшчы стала тое, што Эўразьвяз прымаў у сябе каманды Сьвятланы Ціханоўскай і лідэра апазыцыі Вэнэсулы Хуана Гуайдо, заявіла прадстаўніца Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава.

19:33 10.11.2021

«Дыктатар выкарыстоўвае людзей як зброю, якую можна кідаць аб сьцяну». Кіраўнік дыпляматыі ЭЗ — пра міграцыйны крызіс

Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Жузэп Бурэль расказаў журналістам, што ў выніку перамоваў паміж ЭЗ і краінамі Блізкага Ўсходу быў спынены шэраг рэйсаў у Беларусь, а таксама закрытыя два ганаровыя консульствы Беларусі ў Іраку.

Бурэль заявіў, што карані цяперашняга міграцыйнага крызісу — у рэжыме Лукашэнкі, «які ня мае ніякай павагі да чалавечай годнасьці і чалавечага жыцьця». Ён дадаў, што Эўразьвяз разглядае магчымасьць «мабілізаваць структуры ААН, каб вырашаць гэты новы крызіс, створаны рэжымам Лукашэнкі».

20:30 10.11.2021

Украінскі міністар: «Мы рыхтуемся да сцэнараў, падобных тым, што адбываюцца цяпер на польска-беларускай мяжы»

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што праваахоўныя органы Ўкраіны адэкватна адрэагуюць на магчымыя міграцыйныя правакацыі на мяжы зь Беларусьсю. Міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі дадаў, што для ўзмацненьня аховы мяжы зь Беларусьсю будуць залучаныя сілы Нацыянальнай гвардыі, паліцыі, а таксама тэрытарыяльнай абароны.

«Мы рыхтуемся да сцэнараў, падобных тым, што адбываюцца цяпер на польска-беларускай мяжы. Мы ўжо вызначылі найбольш імаверныя ўчасткі, магчымыя для масавага знаходжаньня мігрантаў на тэрыторыі каля межаў Украіны. Адказ украінскіх праваахоўнікаў будзе жорсткі, дакладны, карэктны і ў межах законаў», — удакладніў міністар.

21:22 10.11.2021

Кіраўніца Эўракамісіі і прэзыдэнт ЗША абмяркоўваюць сытуацыю на мяжы Польшчы і Беларусі

Днямі старшыня Эўрапейскай камісіі Ўрсуля фон дэр Ляен зрабіла заяву пра сытуацыю на беларуска-польскай мяжы. Яна адзначыла: «Беларускія ўлады павінны зразумець, што ціск на Эўрапейскі Зьвяз такім чынам, праз цынічную інструмэнталізацыю мігрантаў не дапаможа ім дасягнуць сваіх мэтаў».

21:25 10.11.2021

Мігранты ў цэнтры Менску. Відэа

Ніколі раней менчукі ня бачылі столькі мігрантаў на вуліцах гораду, як у апошнія некалькі месяцаў. Гэтыя кадры былі зьнятыя 10 лістапада.

23:45 10.11.2021

Байдэн выказаўся за санкцыі супраць авіякампаній за перавозку мігрантаў у Менск

У Вашынгтоне, у Белым доме, адбылася сустрэча прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна і кіраўніцы Эўракамісііі Ўрсулі фон дэр Ляен. Адказваючы на пытаньне журналістаў аб крызісе на беларуска-польскай мяжы, фон дэр Ляен пагадзілася з Байдэнам па пытаньні магчымага ўвядзеньня санкцый супраць авіякампаній, якія ажыцьцяўляюць транспарціроўку мігрантаў у Менск.

Фон дэр Ляен таксама адзначыла, што падзяляе меркаваньне Байдэна аб нападзе з боку аўтарытарнага рэжыму ў рамках памежнага крызісу.

XS
SM
MD
LG