Мігранты расьцягнуліся на кілямэтар
Увечары мігранты не канцэнтруюцца ў канкрэтным месцы мяжы, яны расьцягнуліся ўздоўж яе. Пра гэта сьведчыць відэаздымка з паветра, якую правялі польскія вайскоўцы з вэрталёту.
«Пакутуем, бо не хапае ежы і вады»
Мігранты расказалі пра жыцьцё ў лягеры на мяжы, які ахоўваюць беларускія сілавікі. На відэа, якое выклалі ў фэйсбук, мігранты на мяжы Беларусі і Польшчы расказваюць пра сваю сытуацыю. Свабода пераклала іх аповеды.
ААН запрошвае доступ да мігрантаў дзеля гуманітарнай дапамогі
Упраўленьне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ) выказала гатоўнасьць садзейнічаць вырашэньню гуманітарных праблем мігрантаў на беларуска-польскай мяжы.
«З гуманітарнага пункту гледжаньня мы гатовыя падтрымліваць улады, мець доступ да гэтых людзей і магчымасьць ацаніць сытуацыю, у якой яны знаходзяцца, і пераканацца, што яны могуць атрымліваць абарону», — заявіла афіцыйны прадстаўнік вярхоўнага камісара ААН у справах бежанцаў (УВКБ) Шабія Манту.
Выклік польскага вайсковага аташэ
У Міністэрства абароны Беларусі выклікалі вайсковага аташэ пры амбасадзе Польшчы ў Менску Яраслава Кемброўскага.
«Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь занепакоенае павелічэньнем колькасьці польскіх вайскоўцаў ля нашых межаў, а таксама адсутнасьцю аб'ектыўнай аргумэнтацыі іх знаходжаньня».
Беларускія сілавікі кантралююць мігрантаў у непасрэднай блізкасьці
Новае відэа Памежнай варты Польшчы паказвае, што мігранты распальваюць вогнішчы і ходзяць уздоўж калючага дроту пад непасрэдным назіраньнем узброеных беларускіх сілавікоў, асабовы склад і аўтамабілі якіх знаходзяцца зусім блізка. Рухі аўтамабіляў, праўдападобна, паказваюць на тое, што беларускія сілавікі замяняюцца на такім імправізаваным дзяжурстве. Беларускія памежнікі па-ранейшаму ня ўказваюць мігрантам на незаконнасьць іх знаходжаньня на памежнай паласе, такія абвесткі ідуць толькі з польскага боку.
Маравецкі пра сілу Польшчы
Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі правёў нараду з сілавымі службамі краіны. Сёньня раніцай Маравецкі асабіста прыехаў на мяжу зь Беларусьсю.
«Сіла Польшчы сёньня мусіць праяўляцца ў эфэктыўнасьці нашых дзеяньняў на мяжы», заявіў Маравецкі.
У пікеце каля польскай амбасады заўважылі прадстаўнікоў НОД і БРСМ
У пікеце, які адбыўся каля польскай амбасады ў Менску, прынялі ўдзел асобы, якія традыцыйна выходзяць на нешматлікія праўладныя выступленьні. Як піша «Наша ніва», сярод пікетоўцаў сёньня былі прадстаўнік руху НОД Аляксей Лявонаў і прадстаўнікі БРСМ, першы і другі сакратары арганізацыі Аляксандар Дзічкоўскі і Ўладзімер Багданаў. Усе яны былі і на пікеце, які сёлета адбыўся каля амбасады Літвы і таксама тычыўся пытаньняў адносін Беларусі з Эўразьвязам.
БРСМ — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Арганізацыя, створаная дзеля падтрымкі курсу Аляксандра Лукашэнкі і праўладных дабрачынных і прапагандысцкіх акцый.
НОД — рух, які праслаўляе сталінізм, СССР, Лукашэнку, вызнае ідэі «русского мира» і крытыкуе краіны Захаду.
Літва ад поўначы ўводзіць рэжым надзвычайнага становішча ў памежных раёнах зь Беларусьсю
Гэты рэжым будзе дзейнічаць месяц толькі на мяжы з Беларусьсю і на 5 км углыб тэрыторыі краіны, а таксама ў месцах расьсяленьня мігрантаў. Надзвычайнае становішча ўводзіцца ўпершыню пасьля аднаўленьня незалежнасьці Літвы.
Лукашэнка: «Мы не задзіраемся»
«Змагацца сёньня супраць мігрантаў „Леапардамі“? Вы мяне прабачце. Мы з вамі, людзі вайсковыя, разумеем, што такое сёньня весьці вайну з гэтымі няшчаснымі людзьмі на мяжы Польшчы, дапусьцім, зь Беларусьсю і высоўваць калёны танкаў. Ясна, што гэта нейкая трэніроўка ці шантаж», — заявіў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію галоўнаму рэдактару расейскага часопісу «Нацыянальная абарона» Ігару Каротчанку.
«Мы не задзіраемся, як некаторыя ў Расеі папісваюць і нашыя беглыя там зь імі. Таму што мы ведаем, што калі, крый Божа, мы дапусьцім нейкую памылку, калі мы спатыкнёмся, то гэта адразу ж уцягне ў гэты вір Расею. А гэта найбуйнейшая ядзерная дзяржава. Я не вар’ят. Я выдатна разумею, да чаго гэта можа прывесьці. Таму ніякага тут няма гераізму — „схапіў аўтамат і пайшоў на польскую мяжу“ (дарэчы, дзе я служыў у свой час памежнікам) — не, ні ў якім выпадку. Мы разумеем, мы ведаем сваё месца. Але мы на калені ня станем», — заявіў Лукашэнка.
Эўразьвяз абвінавачвае Лукашэнку ў завабліваньні і падмане мігрантаў
«Мадэль, паводле якой рэжым Лукашэнкі праводзіць свае дзеяньні, прымушае людзей верыць, што яны могуць прыехаць у Беларусь і далей працягнуць шлях у ЭЗ. Гэта частка бесчалавечнага і нават бандыцкага падыходу рэжыму Лукашэнкі. Ён хлусіць людзям і прывозіць іх у Беларусь зь ілжывымі абяцаньнямі лёгка патрапіць у ЭЗ», — сказаў прэсавы сакратар Эўракамісіі Пэтэр Стана.
«Дасьць Бог, мы зможам адкрыць мяжу для сябе і іншых»
На відэа, якое выклалі ў фэйсбук, мігранты на мяжы Беларусі і Польшчы расказваюць пра сваю сытуацыю. Прапануем вашай увазе пераклад іх аповедаў.