- Раніцай 8 лістапада ў сацыяльных сетках зьявіліся відэа буйной групы мігрантаў, якая рухалася ў пункт пропуску «Брузгі» на мяжы з Польшчай. Але пазьней група, якую суправаджалі грузавікі зь зялёнымі нумарамі беларускай памежнай службы і вайскоўцы з аўтаматамі і сабакамі, сышла ў лес.
- Каля тысячы мігрантаў ушчыльную наблізіліся да польскай мяжы, з-за дроту за імі сачылі ўзмоцненыя сілы польскай памежнай варты і Мінабароны.
- А 15-й гадзіне стала вядома пра першую спробу прарыву мяжы, якую спынілі польскія вайскоўцы. Мігранты штурмавалі польскую агароджу з дапамогай сякераў, бярвеньняў, рыдлёвак і кусачак.
- Польскі бок заявіў, што штурм іх мяжы адбываецца «ў прысутнасьці і пад кантролем беларускіх службаў».
- Увечары частка мігрантаў усё ж дабралася да польскага памежнага пераходу «Кузьніца», але там іх спынілі польскія памежнікі.
- Паводле Памежнага камітэту Беларусі, каля мяжы цяпер знаходзяцца больш за 2 тысячы мігрантаў. Прэсавы сакратар польскага ўраду Пётар Мюлер заявіў, што каля мяжы знаходзяцца 3-4 тысячы асобаў.
- Увечары зьявілася відэа са стрэламі на мяжы. Памежны камітэт Беларусі заявіў, што стралялі з польскага боку.