Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранцкі крызіс на мяжы: што адбываецца 8 лістапада. ОНЛАЙН

абноўлена

8 лістапада тысячы мігрантаў прыйшлі да калючага дроту на мяжы Беларусі з Польшчай. Урад Польшчы заявіў, што прыводзіць свае войскі ў поўную баявую гатоўнасьць. Ёсьць інфармацыя пра спробы прарыву.

  • Раніцай 8 лістапада ў сацыяльных сетках зьявіліся відэа буйной групы мігрантаў, якая рухалася ў пункт пропуску «Брузгі» на мяжы з Польшчай. Але пазьней група, якую суправаджалі грузавікі зь зялёнымі нумарамі беларускай памежнай службы і вайскоўцы з аўтаматамі і сабакамі, сышла ў лес.
  • Каля тысячы мігрантаў ушчыльную наблізіліся да польскай мяжы, з-за дроту за імі сачылі ўзмоцненыя сілы польскай памежнай варты і Мінабароны.
  • А 15-й гадзіне стала вядома пра першую спробу прарыву мяжы, якую спынілі польскія вайскоўцы. Мігранты штурмавалі польскую агароджу з дапамогай сякераў, бярвёнаў, рыдлёвак і кусачак.
  • Польскі бок заявіў, што штурм іх мяжы адбываецца «ў прысутнасьці і пад кантролем беларускіх службаў».
  • Увечары частка мігрантаў усё ж дабралася да польскага памежнага пераходу «Кузьніца», але там іх спынілі польскія памежнікі.
  • Паводле Памежнага камітэту Беларусі, каля мяжы цяпер знаходзяцца больш за 2 тысячы мігрантаў. Прэсавы сакратар польскага ўраду Пётар Мюлер заявіў, што каля мяжы знаходзяцца 3-4 тысячы асобаў.
  • Увечары зьявілася відэа са стрэламі на мяжы. Памежны камітэт Беларусі заявіў, што стралялі з польскага боку.
21:15 8.11.2021

Польшча часова закрывае памежны пераход у Кузьніцы

Ад 7.00 раніцы 9 лістапада польскі бок прыпыняе дзейнасьць памежнага пераходу ў Кузьніцы на мяжы Беларусі і Польшчы. Польскія памежнікі паведамляюць, што праехаць можна будзе празь пераходы ў Тарэспалі і Баброўніках.

21:33 8.11.2021

Прэзыдэнты Польшчы і Ўкраіны абмеркавалі сытуацыю на мяжы

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда 8 лістапада абмеркаваў сытуацыю на беларуска-польскай мяжы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. У гэтым пытаньні дзьве краіны цалкам салідарныя, заявіў кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі польскага прэзыдэнта Якуб Кумах.

22:23 8.11.2021

Старшыня Эўракамісіі заклікала да хутчэйшых санкцый за дзеяньні ўладаў Беларусі зь мігрантамі

Эўразьвяз таксама разгледзіць магчымасьць санкцый супраць авіяліній трэціх краін, які «актыўна займаюцца кантрабандай людзей».

22:39 8.11.2021

Дуда падзякаваў Ціханоўскай

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда пагаварыў са Сьвятланай Ціханоўскай, каб падзякаваць за адназначную падтрымку беларускімі дэмакратычнымі сіламі польскага народу. Пра гэта паведаміў кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі польскага прэзыдэнта Якуб Кумах. Паводле яго, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў нагадваюць сьвету, што адказным за цяперашні крызіс зьяўляецца рэжым Лукашэнкі.

22:41 8.11.2021

Памежнік з 15-гадовым досьведам — пра дзеяньні былых калегаў: «Яны робяць службовыя злачынствы»

«Калі нелегала ловяць у памежнай паласе, то інструкцыя стандартная: затрыманьне — пратаколы — ІЧУ — прыняцьце рашэньня аб дэпартацыі. І заўсёды так было»

08:41 9.11.2021

Пражэктары, верталёты, вогнішчы і сьмех. Як выглядала беларуска-польская мяжа ўначы


Польскія памежнікі, паліцыя, войскі тэрытарыяльнай абароны ўсю ноч вартавалі мяжу насупраць шматлікіх уцекачоў, якія заставаліся пры мяжы непадалёк ад пункту пропуску Брузгі — Кузьніца Беластоцкая.

На апублікаваным відэа чуваць сьмех і гамана мігрантаў. Над мяжою сьцелецца дым ад шматлікіх вогнішчаў.

08:59 9.11.2021

Нямеччына заклікала Эўразьвяз дапамагчы Польшчы ў ахове мяжы зь Беларусьсю

«Польшча ці Нямеччына ня могуць даць рады гэтаму паасобку», — заявіў часовы міністар унутраных спраў Горст Зээгофэр у інтэрвію газэце Bild, апублікаваным 9 лістапада.

«Мы павінны дапамагчы польскаму ўраду абараніць іх вонкавую мяжу», — сказаў ён.

09:41 9.11.2021

МУС Беларусі: «Парушэньняў мігрантамі беларускага занаканадаўства не зафіксавана»

«Парушэньняў заканадаўства з боку мігрантаў не зафіксавана. Яны знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь законна», — заявіў 9 лістапада міністар унутраных спраў Іван Кубракоў, перадае БелТА.

XS
SM
MD
LG