Міністэрства абароны Польшчы паведаміла пра чарговую правакацыю беларускіх вайскоўцаў супраць польскіх ахоўнікаў мяжы.
Учора, 3 лістапада, польскія памежнкі выявілі групу каля 250 мігрантаў паблізу агароджы на мяжы.
Беларускія вайскоўцы, якія пільнавалі групу, прыгразілі адкрыць агонь у кірунку польскіх салдат, сьцьвярджае Міністэрства абароны Польшчы.
Польскія вайскоўцы на правакацыю не паддаліся, і да эскаляцыі на дайшло.
Інцыдэнты з зброяй на мяжы адбываюцца ўжо другі дзень запар.
Уначы 2 лістапада польскія жаўнеры заўважылі на тэрыторыі Польшчы трох чалавек у форме са зброяй. Пасьля таго, як польскі патруль паспрабаваў выйсьці зь імі на кантакт, невядомыя перазарадзілі зброю і адступілі ў бок Беларусі. Удзень 2 лістапада праз гэты выпадак МЗС Польшчы выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі Аляксандра Часноўскага. У МЗС Беларусі ў адказ выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы і заявілі яму «рашучы пратэст».
Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак тым часам заявіў, што польскія памежнікі сфатаграфавалі беларускіх з нажніцамі для рэзкі калючага дроту. Польскі ўрадовец адзначае, што беларускія памежнікі штодня ладзяць правакацыі, каб падагрэць сытуацыю на мяжы.