Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 4 лістапада: журналістка «Белсату» Слаўнікава абвясьціла галадоўку разам з сукамэрніцамі


Ірына Слаўнікава
Ірына Слаўнікава

На беларусаў працягваюць ціснуць улады праз пратэсты і нязгоду з палітыкай рэжыму Лукашэнкі.

Галадоўка Слаўнікавай

Уся жаночая камэра ізалятара на Акрэсьціна, дзе ўтрымліваецца прадстаўніца «Белсату» ў Беларусі Ірына Слаўнікава, абвясьціла галадоўку, піша Zerkalo.io.

Прычына — нялюдзкія ўмовы ўтрыманьня. Нікому з гэтай камэры не давалі перадач, а днямі нават забралі зубныя шчоткі і лекі, якія засталіся ад ранейшых зьняволеных. Фармальнай падставай да такіх дзеяньняў адміністрацыі стала тое, што вязьні «ня тым тонам папрасілі туалетную паперу».

Пра гэта расказалі жанчыны, якія вызваліліся з Акрэсьціна пасьля знаходжаньня ў згаданай камэры.

1 лістапада прадстаўніцу «Белсату» ў Беларусі Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку арыштавалі на 15 сутак за нібыта захоўваньне «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Іх затрымалі 30 кастрычніка па вяртаньні на радзіму з адпачынку.

27 ліпеня суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў сайт і сацыяльныя сеткі тэлеканалу «Белсат» экстрэмісцкімі. Да «экстрэмісцкага фармаваньня» «Белсат» адносяцца, акрамя сайту, Youtube-канал і акаўнты ва ўсіх сацсетках: Telegram, Instagram, Twitter, Facebook, VK, «Аднаклясьнікі».

Тры гады «хіміі» за ўдзел у пратэстах

У судзе Фрунзэнскага раёну Менску 1 лістапада паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі асудзілі 33-гадовага палітвязьня Алега Буйкевіча, паведамляе «Вясна».

Паводле вэрсіі абвінавачваньня, Алег Буйкевіч 10 жніўня 2020 году ўзяў актыўны ўдзел у акцыі пратэсту на праспэкце Пераможцаў: знаходзячыся на праезнай частцы дарогі, публічна выкрыкваў лёзунгі, наўмысна заблякаваў праезную частку з дапамогай «счэпкі» зь іншымі пратэстоўцамі, што «абмежавала правы грамадзян на вольнае перасоўваньне», заблякавала рух транспарту і перашкодзіла звычайнай працы «Менсктрансу».

На судзе Алег Буйкевіч прызнаў віну цалкам. У выніку судзьдзя Андрэй Млечка прызнаў палітвязьня вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і прызначыў яму пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі на тэрмін тры гады з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Два гады «хатняй хіміі» за абразьлівы камэнтар на адрас начальніка Салігорскага РУУС

4 лістапада ў Салігорску судзьдзя Валеры Рабы асудзіў мясцовага жыхара Яўгена Лубнеўскага на 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, прызнаўшы яго вінаватым па арт. 369 КК РБ. Таксама суд пастанавіў спагнаць з Лубнеўскага на карысьць пацярпелага 2000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды, а тэлефон канфіскаваць у даход дзяржавы як сродак учыненьня злачынства, піша «Вясна».

Паводле абвінавачваньня, 15 красавіка 2021 году Яўген Лубнеўскі, будучы ў стане алькагольнага ап’яненьня, з дапамогай мабільнага тэлефона пакінуў камэнтар у сацсетцы «ВКонтакте» пад артыкулам у дачыненьні да начальніка Салігорскага УУС Сяргея Салаўёва. Пры гэтым ён «наўмысна выкарыстаў непрыстойную, зьневажальную, абразьлівую лексыку, чым прынізіў гонар і годнасьць міліцыянта ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў».

Яўген Лубнеўскі прызнаў віну цалкам. Суду растлумачыў, што Салаўёў быў участковым, калі ён быў школьнікам: міліцыянт паставіў яго на ўлік за дрэнныя паводзіны. Калі ў сацсетцы Лубнеўскі ўбачыў публікацыю пра Салаўёва — успомніў дзіцячыя крыўды, прачытаў пад пастом камэнтары іншых карыстальнікаў і таксама вырашыў напісаць.

Былому супрацоўніку «Беларуснафты», які запісаў зварот за новыя выбары, прад’явілі новае абвінавачаньне

Дзьмітры Грышчанка быў затрыманы 14 траўня 2021 году. На момант арышту супрацоўніку «Беларуснафты» інкрымінавалася арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (артыкул 342 КК РБ). Як паведамляе «Флагшток», нядаўна ў лісьце Зьміцер паведаміў, што яму дадалі яшчэ адно абвінавачаньне — па арт. 364 — гвалт або пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі).

Дзьмітры Грышчанка разам зь іншымі супрацоўнікамі «Беларуснафты» браў удзел у запісе звароту супраць гвалту і за перамовы. У канцы кастрычніка 2020 году запісаў зварот да калег і кіраўніцтва «Беларуснафты», у якім асуджаў рэпрэсіі, заклікаў не замоўчваць сытуацыю і адкрыта заяўляць аб сваёй пазыцыі.

Затрыманыя 4 лістапада ў Менску (паводле «Вясны»):

  1. Бародзіч Максім (затрымалі раніцай дома, але адпусьцілі дахаты да суду па 19.11 КаАП).
  2. Бялоў Зьміцер (затрымалі ў Менску а 7-й раніцы пасьля ператрусу; ён доўга дзьверы адчыняў сілавікам, таму яго ў кайданках забралі за непадпарадкаваньне).
  3. Кажамяка Сяргей
  4. Казадой Вольга (затрыманьне і ператрус)
  5. Клімовіч Дзьмітры
  6. Клімовіч Кацярына (зь імі запісалі «пакаяльнае відэа»)
  7. Люльковіч Яўген (ня выйшаў з Акрэсьціна пасьля адбыцьця адміністрацыйнага арышту, яго асудзілі на 8 сутак па арт. 19.1 КаАП (хуліганства), агулам ён на «сутках» правядзе 51 дзень).
  8. Крупеніч-Кандрацьева Анастасія (ня выйшла на волю пасьля 110-сутачнага арышту, на яе склалі новы пратакол).
  9. Савіч Максім (затрыманы раніцай у Менску перад выхадам на працу ў якасьці падазраванага па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

Выламалі дзьверы без прычыны, далі 6 сутак арышту. У Магілёве адправілі ў ІЧУ інжынэра кампаніі А1

У аўторак супрацоўнікі ГУБАЗіК а 7-ай раніцы выламалі дзьверы ў кватэры жыхара Магілёва Рамана Мельнікава, напалохалі трох маленькіх дзяцей і павезьлі з сабой іх бацьку, піша MayDay. На яго завялі адміністрацыйную справу па ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ. Да суда ён прабыў у ізалятары часовага ўтрыманьня.

4 лістапада суд Кастрычніцкага раёна (судзьдзя Вольга Краўчанка) пастанавіў арыштаваць мужчыну на 6 сутак. Раману паставілі ў віну тое, што ў яго ў архіве ў сторыс у Інстаграме захоўваўся пост з Tut.by гадавой даўнасьці. Прычым вольнага доступу ў карыстальнікаў Інстаграму да архіву не было.

Вылічылі па чэку — менчука затрымалі за размаляваныя стагі сена і кіёск

«У траўні і кастрычніку ў Лагойскі РАУС паступалі зьвесткі аб размалёўцы гандлёвага кіёску і двух цюкоў сена: былі нанесеныя пратэставыя лёзунгі і незарэгістраваная сымболіка. Апэратыўнікі высьветлілі, што да хуліганскіх выхадак датычны 51-гадовы мянчук, які прыяжджае на лецішча», — расказалі БЕЛТА ў УУС Менаблвыканкаму.

Вылічыць мужчыну дапамог знойдзены каля рулёна чэк з крамы, у якой ён купляў фарбу. Завялі крымінальныя справы за хуліганства.

Колькасьць палітвязьняў вырасла да 836 чалавек

Сёньня праваабаронцы прызналі палітзьняволенымі яшчэ 9 чалавек. У іх крымінальных справах відавочны палітычны падтэкст. Гэта Алег Філіпаў, Міхаіл Прач, Валер Ясечак, Аляксандар Жданаў, Яўген Шпількаў, Сяргей Хацкевіч, Вадзім Цішкевіч, Адам Цясьлюк і Міраслаў Федаровіч.

Агулам у Беларусі па стане на 4 лістапада ўжо 836 палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG