У Кіеве з 1 лістапада ўвядуць чырвоную зону карантыну з прычыны распаўсюду каранавірусу. Пра гэта паведаміў мэр Віталь Клічко. Абвяшчэньне Кіева чырвонай зонай яшчэ павінна зацьвердзіць спэцыяльная камісія, але Клічко ўжо абвясьціў пра строгія абмежаваньні з панядзелка.
«Рашэньне аб уключэньні гораду ці рэгіёну ў чырвоную зону ўхваляе Дзяржаўная камісія ў пытаньнях тэхнагенна-экалягічнай бясьпекі і надзвычайных сытуацый, і мы зьвяртаемся да ўраду па такое рашэньне», — заявіў Віталь Клічко 28 кастрычніка на тэрміновым брыфінгу.
Паводле яго слоў, наведваць рэстараны, кавярні, забаўляльныя мерапрыемствы, гандлёва-забаўляльныя цэнтры і іншыя публічныя аб’екты і мерапрыемствы будзе магчыма толькі пры наяўнасьці ва ўсіх работнікаў і наведнікаў ПЛР-тэсту або сэртыфікату аб вакцынацыі.
Карыстацца грамадзкім транспартам таксама змогуць толькі тыя, хто мае ПЛР-тэст або сэртыфікат аб вакцынацыі. Прычым правяраць іх наяўнасьць будуць не кіроўцы, а спэцгрупы міліцыянтаў — выбарачна, не на прыпынках, а проста ў транспарце.
Навучальны працэс з 1 лістапада адновіцца ў дыстанцыйным рэжыме з 1 па 11 клясы. У такім рэжыме школы будуць працаваць да паляпшэньня эпідэмічнай сытуацыі.
Садкі будуць працаваць пры ўмове 100% вакцынацыі пэрсаналу.
27 кастрычніка ў чырвоную зону ўвайшлі сумежныя зь Беларусьсю вобласьці — Чарнігаўская, Ровенская, Жытомірская і Валынская.