Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэсавую службу МУС Літвы.
На рэалізацыю гэтага пляну ў 2022 годзе зь бюджэту будзе вылучана 17,75 мільёна эўра. Усяго на яго выкананьне на працягу бліжэйшых пяці гадоў спатрэбіцца 91,5 мільёна эўра.
«Пагроза Астравецкай АЭС сталая, таму неабходна забясьпечыць гатоўнасьць дзяржавы, муніцыпалітэтаў і грамадзтва да магчымай ядзернай або радыялягічнай аварыі. Гэтыя сродкі — інвэстыцыі ў дзяржаўную бясьпеку», — заявіў на пасяджэньні ўраду намесьнік міністра ўнутраных спраў Літвы Віталь Дзьмітрыеў.
Сярод іншага, плян прадугледжвае набыцьцё мабільнай сыстэмы вымярэньня радыяактыўнасьці, пастаўку рэсьпіратараў і іншых сродкаў індывідуальнай абароны, абсталяваньне дзяржаўных установаў аварыйнымі апэратыўнымі цэнтрамі ў 100-кілямэтровай зоне ад станцыі.
Адзначаецца, што асаблівую ўвагу трэба зьвярнуць на падрыхтоўку да патэнцыйнай аварыі ў Віленскім і Сьвянцянскім раёнах, тэрыторыі якіх знаходзяцца ў 30-кілямэтровай зоне ад БелАЭС.