Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладальнік «Табакерак» Алексін пераназваў сваю кампанію і перапісаў яе на сыноў


Асартымэнт «Табакеркі» Алексіна, ілюстрацыйнае фота
Асартымэнт «Табакеркі» Алексіна, ілюстрацыйнае фота

Блізкі да Лукашэнкі бізнэсовец Аляксей Алексін трапіў пад санкцыі Эўразьвязу.

Інвэстыцыйная кампанія «Энэрга-Оіл-Інвэст», якую зьвязваюць зь бізнэсам сям’і Аляксея Алексіна, цяпер перайменаваная ў «Грантло».

Інфармацыя пра гэта зьмешчаная ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў Міністэрства юстыцыі, зьвяртае ўвагу «Ежедневник».

Як пазначана ў дзяржаўным рэгістры, перайменаваньне адбылося ў верасьні гэтага году, прычына ня ўказваецца. З публічных дадзеных вынікае, што ў студзені гэтага году кампанія таксама ўносіла зьмены ва ўстаноўчыя дакумэнты.

Сёлета ў санкцыйныя сьпісы ЗША і Эўразьвязу трапілі кампаніі, зьвязаныя зь бізнэсам Аляксея Алексіна: сыстэма маніторынгу міжнародных транзытных перавозак «Белнафтагаз», а таксама апэратар тытунёвага рынку і «Інтэр Табака» (уключна зь сеткай шапікаў «Табакерка»).

«Энэрга-Оіл» фармальна пакуль не пад санкцыямі, але можа апынуцца ў новым пакеце. Праз «Энэрга-Оіл-Інвэст» Аляксей і Іна Алексіны да сьнежня 2020 году кантралявалі 24,99% долю ў IT-кампаніі «Сінэзіс». У гэтым месяцы ў сувязі з увядзеньнем у дачыненьні да «Сінэзіс» санкцый з боку Эўразьвязу «Энэрга-Оіл-Інвэст» выйшла зь яе капіталу.

Зьмены адбыліся таксама ў капітале самой «Энэрга-Оіл-Інвэст» і яшчэ ў некалькіх сямейных бізнэсах. Алексіны-старэйшыя перапісалі свае долі на сыноў Віталя і Дзьмітрыя: цяпер ім належыць па 50% у кампаніі «Грантло».

Раней кампаніі «Энэрга-Оіл» і «Інтэр Табака» выйшлі зь ліку заснавальнікаў камэрцыйнага МТБанку, якім таксама валодае сям’я Аляксея Алексіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG