У чацьвер польскія памежнікі зафіксавалі 633 спробы пераходу мяжы зь Беларусі па-за пунктамі пропуску. 32 мігрантаў затрымалі, астатніх разьвярнулі.
У кастрычніку было ўжо больш за 12 тысяч такіх спробаў.
У сувязі зь міграцыйным крызісам Польшча выступае за пашырэньне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і авіяліній, якія зарабляюць на дастаўцы мігрантаў у Беларусь. Пра гэта 21 кастрычніка напісаў міністар замежных спраў Польшчы Марыюш Камінскі свайму нямецкаму калегу Горсту Зээгофэру.
«Толькі санкцыі і цьвёрдая супольная пазыцыя краін-удзельніц спыняць перамяшчэньне ў Беларусь чарговых тысяч эканамічных мігрантаў», — лічыць Камінскі.
20 кастрычніка нямецкая паліцыя паведаміла пра імклівы рост колькасьці мігрантаў, якія трапілі ў краіну цераз Польшчу «беларускім маршрутам». У жніўні іх было 474, у верасьні — 1903, у кастрычніку — 3262.
У Літве за мінулыя суткі спынілі 57 спробаў парушэньня мяжы зь Беларусі. Аднаго мігранта прапусьцілі ў Літву з гуманітарных прычынаў, астатніх разьвярнулі, паведаміў Delfi.
Месяц таму літоўскія ўлады абвясьцілі пра магчымасьць падаць заяву на прытулак у пасольстве Літвы ў Беларусі. За гэты час прашэньні падалі ўсяго два чалавекі. Гэта тлумачаць тым, што большасьць мігрантаў ня хоча атрымліваць прытулак у Літве, а імкнецца далей на Захад.
У Латвіі ўчора разьвярнулі 14 нерэгулярных мігрантаў.