Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт Сэнату ЗША прыняў рэзалюцыю з заклікам да максымальнага ціску на рэжым Лукашэнкі


Камітэт замежных дачыненьняў Сэнату ЗША у аўторак 19 кастрычніка прыняў рэзалюцыю ў справе сытуацыі ў Беларусі. Яна накіраваная на зацьвярджэньне ў Сэнат.

У рэзалюцыі сэнацкі камітэт спасылаецца на ўсе папярэднія рашэньні і дакумэнты амэрыканскага Кангрэсу, ураду, а таксама ўрадаў іншых краінаў і міжнародных арганізацыяў у справе сытуацыі ў Беларусі і ў сувязі з усімі падзеямі, якія адбываліся ў Беларусі падчас выбарчай кампаніі 2020 году і пасьля выбараў 9 жніўня.

У дэклярацыйнай частцы рэзалюцыі згадваецца таксама сустрэча прэзыдэнта Джо Байдэна з апазыцыйнай лідэркай Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай, пры гэтым адзначаецца, што Ціханоўская далей прадстаўляе агульнае памкненьне беларускага народу да свабодных і справядлівых выбараў і дэмакратыі.

Рэзалюцыя пастанаўляе, што Сэнат -

  • надалей, у першую гадавіну нелегітымных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня 2020 году, адмаўляцца прызнаваць Аляксандра Лукашэнку легітымна абраным кіраўніком Беларусі;
  • асуджае няспынныя рэпрэсіі Лукашэнкі супраць удзельнікаў дэмакратычнага руху, кіраўнікоў Каардынацыйнай рады, мірных пратэстоўцаў, супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў, якія ўдзельнічалі ў страйках, незалежных назіральнікаў за выбарамі, незалежных журналістаў і блогераў, мэдыцынскіх работнікаў, выкладчыкаў, настаўнікаў, спартоўцаў і дзеячоў культуры;
  • працягвае заклікаць да выкананьня ўрадам Беларусі свабодна ўзятых на сябе абавязаньняў у якасьці чальца Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) і прымае прапанову АБСЭ садзейнічаць правядзеньню агульнанацыянальнага дыялёгу і паўнавартасна ўдзельнічаць у працэсе АБСЭ;
  • заклікае правесьці ў Беларусі новыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары, якія б праводзіліся свабодна і справядліва ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ і пад наглядам назіральнікаў АБСЭ і незалежных унутраных назіральнікаў;
  • вітае цесную каардынацыю ўраду Злучаных Штатаў з Эўрапейскім Зьвязам, Вялікай Брытаніяй, Канадай, іншымі краінамі-саюзьніцамі і краінамі-партнэрамі і міжнароднымі арганізацыямі ў прасоўваньні прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека ў Беларусі і заклікае працягваць каардынацыю ў справе максымальнага ціску на рэжым Лукашэнкі;
  • працягвае заклікаць да неадкладнага вызваленьня, без папярэдніх умоваў, усіх палітычных зьняволеных у Беларусі;
  • вітае нядаўняе вызваленьне журналістаў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ/РС) Алега Грузьдзіловіча і Іны Студзінскай і заклікае да безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў і журналістаў, затрыманых паводле сумнеўных абвінавачаньняў, у тым ліку кандыдатаў ад апазыцыі Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі, дэмакратычнай актывісткі Марыі Калесьнікавай і журналіста РСЭ/РС Ігара Лосіка;
  • асуджае прымусовае адхіленьне ад курсу рэйсу 4978 Ryanair з мэтай арышту Рамана Пратасевіча і яго партнэркі Соф’і Сапегі, што парушыла міжнароднае заканадаўства аб цывільнай авіяцыі і паставіла пад пагрозу жыцьцё невінаватых пасажыраў і членаў экіпажу, і заклікае да іх неадкладнага безумоўнага вызваленьня;
  • ацэньвае адвагу беларусаў, якія стварылі наватарскія спосабы пратэсту супраць аўтакратыі Лукашэнкі, і аддае належнае намаганьням беларускай дыяспары захаваць міжнародную ўвагу на пагаршэньні палітычнай сытуацыі;
  • удзячны надзвычайнай падтрымцы, якую прапануюць урады Літвы, Украіны і Польшчы ў падтрымку народу Беларусі, у тым ліку падтрымку палітычнай апазыцыі, разьмяшчэньне палітычных уцекачоў і падтрымку свабодных СМІ;
  • заклікае рэжым Лукашэнкі неадкладна спыніць эксплюатацыю і інструмэнталізацыю мігрантаў і перастаць накіроўваць людзей да межаў Літвы;
  • вітае Выканаўчы загад, абвешчаны 9 жніўня 2021 году, які ўжывае дадатковыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, і заклікае адміністрацыю Байдэна разгледзець усе наяўныя ў яе распараджэньні эканамічныя, палітычныя і дыпляматычныя інструмэнты для падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі;
  • вітае санкцыі Эўрапейскага Зьвязу, уведзеныя супраць рэжыму Лукашэнкі, і заклікае ЗША працягваць каардынаваць дадатковыя захады з Эўрапейскім Зьвязам;
  • падкрэсьлівае, што Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі ў яго імкненьні захоўваць свой сувэрэнітэт, выбіраць уласнае кіраўніцтва і жыць на свабодзе, і прызнаюць маштабныя намаганьні беларускай апазыцыі каардынаваць намаганьні са Злучанымі Штатамі, Эўразьвязам, АБСЭ і Арганізацыя Аб’яднаных Нацый дзеля правядзеньня свабодных і сумленных выбараў для свайго народу.

Цяпер рэзалюцыю мае разглядзець Сэнат Злучаных Штатаў у поўным складзе.

Што варта ведаць пра санкцыі ЗША

Першыя санкцыі, якія ўвяла адміністрацыя прэзыдэнта Джорджа Буша пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе, прадугледжвалі блякаваньне ўласнасьці і актываў групы высокіх чыноўнікаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Санкцыі распаўсюджваліся таксама і на сем’і гэтых чыноўнікаў. Ім таксама забаранілі ўезд на тэрыторыю ЗША.

Пазьней асобам, у тым ліку і новым, якія папоўнілі сьпісы, забаранілі мець актывы на тэрыторыі ЗША і весьці бізнэс з амэрыканскімі партнэрамі.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі напрыканцы 2010 году ЗША пашырылі сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЗША. Акрамя таго, грамадзянам ЗША забаранілі весьці бізнэс зь дзяржаўным канцэрнам «Белнафтахім» і шэрагам іншых прадпрыемстваў. Гэтак Злучаныя Штаты адрэагавалі на рэпрэсіі пасьля выбараў, у тым ліку на зьняволеньне шэрагу кандыдатаў у прэзыдэнты.

Пра якія беларускія прадпрыемствы ідзе гаворка

  • «Белнафтахім»,
  • «Белнафтахім ЗША»,
  • «Нафтан»,
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»,
  • «Белшына»,
  • «Гродна Азот»,
  • «Гроднахімвалакно»,
  • ААТ «Лякафарба»,
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Прадпрыемствам i грамадзянам ЗША было забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя дачыненьні з гэтымі арганізацыямі, а ўся іх маёмасьць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, былі замарожаныя. Да таго ж многія краіны і кампаніі адмаўляюцца працаваць з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.

  • У кастрычніку 2015 году Міністэрства фінансаў ЗША прыпыніла санкцыі супраць гэтых дзевяці беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з «пэўным прагрэсам у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека», а таксама з мэтай падтрымкі незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.
  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году і рэпрэсій, якія адбыліся пасьля іх, ЗША аднавілі санкцыі ад 3 чэрвеня 2021 году. Адпаведнае рашэньне 19 красавіка 2021 году апублікавала Міністэрства фінансаў ЗША.​ Злучаныя Штаты дабіваюцца вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG