Amnesty International заявіла, што рэпрэсіўныя рэжымы ва ўсім сьвеце выкарыстоўвалі пандэмію каранавірусу для здушэньня сваіх крытыкаў.
Паводле праваабарончай арганізацыі, ад мінулага году былі ўведзеныя беспрэцэдэнтныя абмежаваньні свабоды выказваньня думак.
Беларусь згадваецца ў справаздачы ў разьдзеле, прысьвечаным абмежаваньню доступу да інфармацыі. Access Now, арганізацыя абароны дыгітальных правоў, зафіксавала на працягу 2020 году 155 выпадкаў выключэньня або істотнага абмежаваньня доступу да інтэрнэту ў 29 краінах. Беларусь пералічаецца ў гэтым сьпісе разам з Бангладэш, Бірмай, Этыёпіяй, Емэнам, Танзаніяй, Камэрунам, Чадам, Гамбіяй і Тога.
«Камунікацыйныя каналы зазналі напады, сацыяльныя сеткі — цэнзуру, а сродкі масавай інфармацыі — закрыцьцё, — сказаў Раджат Хосла з Amnesty International. — У разгар пандэміі журналістаў і работнікаў сфэры здароўя прымусілі замаўчаць і кінулі ў турму. У выніку людзі ня могуць атрымаць доступ да інфармацыі пра COVID-19, у тым ліку пра тое, як абараніць сябе і свае супольнасьці. Каля пяці мільёнаў чалавек загінулі ад COVID-19, і нястача інфармацыі, пэўна, была адным з фактараў».
«Міжнародная амністыя» заявіла, што да лютага 2020 году ў Кітаі, дзе ўпершыню зьявіўся вірус, было распачата 5511 крымінальных справаў за «фабрыкацыю і наўмыснае распаўсюджваньне лжывай і шкоднай інфармацыі» аб характары і маштабах успышкі.
Урад Танзаніі пры былым прэзыдэнце Джоне Магуфулі выкарыстоўваў законы, накіраваныя супраць СМІ: «ілжывыя навіны» былі крыміналізаваныя, а таксама ўведзеныя іншыя меры для абмежаваньня асьвятленьня пандэміі ў СМІ.
«Міжнародная амністыя» адзначыла, што ўлады Нікарагуа выкарыстоўвалі законы, накіраваныя на барацьбу з кібэрзлачынствамі, каб прыцягнуць да адказнасьці любога, хто крытыкаваў рэакцыю ўраду на пандэмію. Урад прэзыдэнта Даніэля Артэгі адхіліў заявы пра недахоп шпітальных ложкаў, рост колькасьці хворых і сьмерцяў.
Праваабаронцы папярэджваюць, што ўвядзеньне ў Расеі законаў аб барацьбе з «фэйкавымі навінамі» і ўвядзеньне крымінальнага пакараньня за «публічнае пашырэньне заведама лжывай інфармацыі пра абставіны, якія нясуць пагрозу жыцьцю і бясьпецы грамадзянаў», пэўна, застанецца ў сіле пасьля пандэміі.
Праваабарончая арганізацыя, якая базуецца ў Лёндане, заявіла, што шэраг краінаў апошнімі гадамі распачалі дзеяньні, якія зьяўляюцца «наступам на правы чалавека», і заклікала выправіць сытуацыю.
«Міжнародная амністыя» раскрытыкавала сацыяльныя сеткі, якія не ўжываюць неабходных захадаў, каб спыніць пашырэньне лжывай і падманнай інфармацыі пра вірус.