Улады Польшчы называюць высечку ахоўнай мерай супраць распаўсюду жука-караеда. Эколягі з арганізацый Greenpeace Polska і Dzika Polska, аднак, заявілі, што працы ў пушчы ня маюць нічога агульнага з аховай прыроды, і заклікалі неадкладна спыніць іх.
Варшава пачала высякаць дрэвы ў Белавескай пушчы ў 2016 годзе, патлумачыўшы гэта распаўсюдам жука-караеда. Эўрапейскі суд у Люксэмбургу яшчэ ў 2018 годзе пастанавіў, што зьнішчэньне дрэваў у Белавескай пушчы супярэчыць заканадаўству ЭЗ аб ахове навакольнага асяродзьдзя.
Паводле польскіх эколягаў, уся тэрыторыя Белавескай пушчы на польскім баку павінна быць абвешчана нацыянальным паркам, у якім будзе забароненая ўсялякая гаспадарчая і іншая дзейнасьць чалавека. На сёньняшні дзень тэрыторыя Белавескага нацыянальнага парку займае ўсяго 16% ляснога масіву Белавескай пушчы на яе польскім баку.