Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі вызначылі памеры штрафаў за адсутнасьць маскі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве юстыцыі адшукалі норму закону, паводле якой змогуць караць беларусаў за адсутнасьць маскі ў грамадзкіх месцах.

Штраф за парушэньне масачнага рэжыму і іншых абмежавальных захадаў, уведзеных у сувязі з пандэміяй COVID-19, можа скласьці да 870 рублёў для фізычных асобаў. Намесьнік міністра юстыцыі Натальля Філіпава пацьвердзіла БелТА, што да парушальнікаў можа прымяняцца артыкул 17.5 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Згодна з КаАП, артыкул прадугледжвае адказнасьць за парушэньне:

  • санітарна-эпідэмічных, гігіенічных патрабаваньняў і працэдур, вызначаных тэхнічнымі рэглямэнтамі Мытнага зьвязу і Эўразійскай арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва;
  • агульных санітарна-эпідэмічных патрабаваньняў, вызначаных прэзыдэнтам;
  • спэцыфічных санітарна-эпідэмічных патрабаваньняў, вызначаных Саветам Міністраў;
  • санітарных нормаў і правілаў, гігіенічных нарматываў ці патрабаваньняў абмежавальных захадаў, уведзеных у адпаведнасьці з заканадаўствам у галіне санітарна-эпідэмічнага дабрабыту насельніцтва;
  • падачу недакладных дадзеных для працэдуры дзяржаўнай рэгістрацыі прадукцыі.

Артыкул прадугледжвае наступныя санкцыі:

  • для фізычных асобаў — штраф да 30 БВ (цяпер 870 рублёў);
  • для ІП — штраф да 200 БВ (цяпер 5 800 рублёў);
  • для юрыдычных асобаў — штраф да 500 БВ (цяпер 11 600 рублёў).

У менскім мэтро пачалі рэйды па праверцы масачнага рэжыму

З 13 кастрычніка на станцыях Менскага мэтрапалітэна пачалі правяраць выкананьне пасажырамі абавязковага масачнага рэжыму ў грамадзкім транспарце.

«Найбольш дасьведчаныя інспэктары службы бясьпекі падземкі выяўляюць пасажыраў бяз масак (ці тых, хто носіць іх няправільна) у вэстыбюлях, на плятформах і ў цягніках мэтро. Потым супрацоўнікі падземкі настойліва прапаноўваюць такім пасажырам няўхільна выконваць масачны рэжым», — гаворыцца ў паведамленьні Менскага мэтрапалітэну ў Тэлеграме.

Такія рэйды (у тым ліку і раптоўныя) будуць праводзіць па ўсіх трох лініях мэтро.

На пачатку кастрычніка ў Беларусі ўвялі абавязковы масачны рэжым у грамадзкіх месцах і транспарце. Улады спачатку заявілі аб тым, што санітарныя службы і міліцыя будуць папярэджваць грамадзян аб недапушчальнасьці зьяўленьня бяз маскі, а затым, магчыма, пачнуць штрафаваць.

Варта адзначыць, што дзяржаўныя чыноўнікі і ў 2020 годзе, і сёлета пераважна ігнаруюць масачны рэжым, незалежна ад таго, носіць ён рэкамэндацыйны ці абавязковы характар. На большасьці чыноўнікаў падчас масавых сходаў маскі адсутнічаюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG