Лідэр беларускай апазыцыі ў выгнаньні Сьвятлана Ціханоўская заклікала сусьветную супольнасьць спыніць «гуманітарную катастрофу», якую, па яе словах, стварае беларускі рэжым, спрыяючы маштабнай плыні мігрантаў у Эўрапейскі Зьвяз. Пра гэта інфармуе «Голас Амэрыкі».
Тысячы мігрантаў з Сырыі, Іраку, Афганістану і Афрыкі запрашаліся прыехаць у Беларусь па турыстычных візах і перасекчы мяжу з Польшчай, Літвой і, у меншай ступені, Латвіяй.
Некалькі чалавек нядаўна памерлі ад зьнясіленьня пры спробе трапіць зь Беларусі ў Польшчу празь лясы і балоты.
Ціханоўская баіцца, што з набліжэньнем зімы колькасьць памерлых «будзе вылічацца дзясяткамі».
«Таму я заклікаю ААН і сусьветную супольнасьць прыняць меры, каб спыніць гуманітарную катастрофу, якая вось-вось адбудзецца ў цэнтры Эўропы», — заявіла яна на прэсавай канфэрэнцыі ў рамках Варшаўскага форуму ў галіне бясьпекі.
«Гэта помста Польшчы і Літве за іх падтрымку беларускага дэмакратычнага руху», — заявіла Ціханоўская.
«Людзі, якія перасякаюць мяжу, невінаватыя, — адзначыла яна. — Яны ахвяры».