Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тое, што робім, — правільна». Былы сьледчы Яўген Юшкевіч даў інтэрвію зь СІЗА


Фота з фэйсбуку Дзьмітрыя Юшкевіча
Фота з фэйсбуку Дзьмітрыя Юшкевіча

Былы сьледчы Яўген Юшкевіч, які за кратамі з красавіка, перадаў зь СІЗА адказы на пытаньні «Нашай нівы».

Юшкевіч, калі быў сьледчым, расьсьледаваў гандаль наркотыкамі ў інтэрнэце і справу пэдафіла Давыдовіча, у якой праходзілі сотні пацярпелых. У 2020-м ён дапамагаў зьмяніць працу сілавікам, якія больш не хацелі выконваць незаконныя загады.

Юшкевіч ня зьехаў зь Беларусі пасьля першага затрыманьня ў лістападзе, другі раз яго затрымалі ў красавіку паводле артыкулу «Акт тэрарызму».

— Любімае месца ў Беларусі? Чаму?

— Асіповіцкія лясы. Бо яны сапраўдныя, некранутыя.

— Месца на зямлі, якое найбольш уразіла?

— Скандынавія. Можна жыць проста, спакойна і багата.

— Якая якасьць найбольш дапамагае за кратамі? Якая чалавечая якасьць найбольш замінае за кратамі?

— Больш за ўсё дапамагае жаданьне вучыцца, чытаць, пазнаваць. А замінае канфліктнасьць і раздражняльнасьць. Сутыкаўся тут зь людзьмі ня вельмі разумнымі, ад гэтага ўзьнікалі канфлікты

— Хто ваш герой з сучаснасьці ці мінуўшчыны і чаму?

— Усе тыя, хто ахвяруюць сабой для права і законнасьці. Сябе да іх не прылічваю.

— Калі б вярнуўся ў 2020-ы, то ці нешта зрабіў бы інакш? Ці стаў бы выяжджаць?

— Нічога б не зьмяніў — шалёны і цікавы год. Не, ня зьехаў бы.

— Што зробіш першай справай, апынуўшыся на волі?

— Першай справай абдыму ўсіх… але калі тое будзе.

— Якія ўмовы ў цябе ў камэры? Якія праблемы? Што за людзі побач? Як адносіны з сукамэрнікамі і ахоўнікамі?

— Якія ўмовы — рабі высновы сам, я былы супрацоўнік… А людзі розныя.

— Як праходзіць дзень у камэры? Чым звычайна займаесься? Што прачытаў, а што плянуеш?

— Чытаю кнігі па праграмаваньні, крыміналёгіі і тэорыі канфліктаў, чытаю Гандзі. Імкнуся фізычна займацца, радуюся шпацырам.

— Якія вынікі выкладаньня матэматыкі і інфарматыкі сукамэрнікам?

— Вельмі здорава, больш мне падабалася, але і ўсім, каму выкладаў, таксама. Бяда, што ім усім сьвеціць па 10 гадоў.

— Чаго найбольш не хапае ў СІЗА?

— Больш за ўсё не хапае сьвятла — сядзім, як у нары. Пры гэтым сьвятла ва ўсіх сэнсах.

— Што б ты сказаў беларусам, якія губляюць ці згубілі надзею на лепшае?

— Усё, што рабілі, лічу адзіным правільным, і цяпер тое, што робім, — правільна.

Былога сьледчага і заснавальніка праекту дапамогі звольненым супрацоўнікам міліцыі і спэцслужбаў Яўгена Юшкевіча затрымалі 19 красавіка.

Ён праходзіць у справе аб тэрарызьме. Па словах адваката, Юшкевіч знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КДБ.

Яўген Юшкевіч з Магілёва, закончыў юрфак БДУ, два гады працаваў пазаштатным супрацоўнікам у сьледзтве менскай пракуратуры, потым яшчэ пяць — сьледчым і старшым сьледчым аддзелу расьсьледаваньня эканамічных злачынстваў упраўленьня СК па Менску.

Юшкевіч у свой час расьсьледаваў справы Давідовіча, якога асудзілі за пэдафілію і незаконную камэрцыйную дзейнасьць у асабліва буйным памеры, а таксама наркагандляроў.

У 2017 годзе ён пакінуў пасаду.

Апошні год Юшкевіч працаваў Android-распрацоўшчыкам. Улетку былы сьледчы запусьціў праект ByChange для перападрыхтоўкі адстаўных і звольненых з палітычных матывах супрацоўнікаў сілавых ведамстваў. Ён актыўна кансультаваў сілавікоў, якія хацелі звольніцца, бо не жадалі выконваць загады, якія не адпавядаюць асабістым перакананьням. Таксама Юшкевіч публікаваў інсайды з МУС і Сьледчага камітэту.

Юшкевіча затрымлівалі ў лістападзе паводле артыкулу аб парушэньні грамадзкага парадку. Тады стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу і адпусьцілі пад падпіску пра нявыезд.

Паводле «Мэдыязоны», 17 сакавіка, калі Юшкевіч быў на допыце Сьледчым камітэце, у яго машыну праніклі невядомыя. Гэта зафіксаваў відэарэгістратар. Юшкевіч пасьля інцыдэнту заявіў, што асьцерагаецца правакацый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG