Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што можа стаць вечным прэзыдэнтам

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Пра гэта ён сказаў у інтэрвію CNN.

«Прэзыдэнтам можа быць чалавек столькі, колькі ён захоча, і яго выбера народ. Але калі ён здаровы і можа кіраваць краінай. У нас няпростая сытуацыя. Таму тут павінен быць энэргічны, здаровы чалавек, якога абярэ на род, і ён будзе жадаць быць прэзыдэнтам. Вось гэтыя галоўныя ўмовы. Але я пра адно сказаў: павінен быць мір і спакой, каб не разбуралася тое, што я ствараў як першы прэзыдэнт Беларусі. Калі вы нас будзеце атакаваць, увесь час нас бамбіць, пазбаўляць свайго слова, свайго аблічча і сваёй незалежнасьці, я буду вечным прэзыдэнтам. Я буду абараняць тое, што я стварыў разам зь беларускім народам, нават цаной свайго жыцьця», — сказаў Лукашэнка.

Ён пакляўся, што не зьбіраецца «быць прэзыдэнтам нават да сьмерці».

«Але толькі калі вы пасьмееце яшчэ раз, як летась, умяшацца ў нашыя падзеі, будзе кепска. Будзе так, як выдумаеце цяпер», — заявіў Лукашэнка.

Што яшчэ сказаў Лукашэнка. Сьцісла

Стандартаў няма. Мы з Расеяй прапаноўвалі: давайце выпрацуем у рамках АБСЭ стандарты ацэнкі тых ці іншых выбараў. Вы не пагадзіліся, бо ў вас ёсьць свае стандарты. Гэтаксама і з правамі чалавека.

Мы ніколі ва ўпор не стралялі ні ў аднаго апазыцыянэра і нават радыкала. Ніколі. А вы нядаўна, і на CNN паказвалі, як у Кангрэсе ЗША застрэлілі дзяўчыну, героя Злучаных Штатаў Амэрыкі. Гэта што, не парушэньне правоў чалавека?

Атмасфэра страху — хлусьня. Мэтʼю, вы хлусіце. Вы ж па Менску хадзілі? Без аховы, бяз службы бясьпекі, вас ніхто не суправаджаў. І я ў вашых вачах сёньня ня бачу ніякага страху. Дык чаго ж баяцца нашым людзям?

Я ведаю, на барыкадах 8 ці 9 жніўня, калі «неймаверныя», кіруемыя з-за мяжы, рынуліся на сілы правапарадку, і былі прымененыя спэцсродкі. Чалавек падняў сьвятлошумавую гранату і спрабаваў кінуць у сілы правапарадку — і быў паранены. Гэта я ведаю, гэты выпадак. Але ж гэта не міліцыя прыйшла кудысьці да гэтага чалавека і яго забіла там — ён прыйшоў забіваць. Дарэчы, былы зьняволены, памілаваны мной. Я яго памілаваў — ён выйшаў на барыкады з нажамі і заточкамі і спрабаваў кінуць гранату ў праваахоўнікаў. За што атрымаў у адказ раненьне.

Ніякіх чатырох загінулых не было.

Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць

Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)
Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)

За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:

  • Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
  • Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
  • Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
  • Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.

Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.

Калі вы рэвалюцыянэр і ўвязаліся ў рэвалюцыю, а тым больш спрабавалі ажыцьцявіць бліцкрыг — ну дык вы павінны быць гатовыя да ўсяго. Што, ня так у гісторыі было?

Калі я і праваахоўныя органы будуць бачыць пагрозу беларускай дзяржаве, мы пасадзім тут любы самалёт — хоць Вялікай Брытаніі, хоць Злучаных Штатаў Амэрыкі. Ён неадкладна будзе пасаджаны ў Беларусі, калі мы будзем адчуваць пагрозу. Гэтак жа і вы зробіце. Гэта норма. Таму я тут не выключэньне.

Мі іх [мігрантаў на мяжы] просім: «Вярніцеся да маразоў у Беларусь, пабудзьце ў Беларусі». — «Не, нам паабяцалі літоўцы і палякі палітычнае, ці якое там, прыстанішча. Мы чакаем». Вось яны тры месяцы чакаюць рашэньня гэтага пытаньня. Пры чым тут беларусы?

Мы жылі без Эўрапейскага Зьвязу і яшчэ шмат гадоў пражывём. Апроч вас — сьвет вялікі.

Мы братэрскія народы, мы народы ад аднаго кораня — беларусы і расейцы. Вы, напэўна, лепш за мяне ведаеце, бо вы з боку: мы абсалютна ні зьнешне, ні ўнутрана нічым не адрозьніваемся адзін ад аднаго. У нас адзіная палітыка, адзіныя мэты. І мы да гэтых мэтаў рухаемся адным шляхам.

Калі трэба будзе, то Беларусь ператворыцца ў адзіную базу Беларусі і Расеі. Вайсковую базу. Для таго, каб супрацьстаяць вашай агрэсіі, калі раптам вы на гэта наважыцеся ці асобныя суседнія дзяржавы.

Датычна таго, што Беларусь увойдзе ў склад Злучаных Штатаў Амэрыкі, Вялікай Брытаніі або Расеі, — гэта абсалютнае глупства. Мы з Уладзімірам Пуціным дастаткова разумныя, каб у рамках дзьвюх незалежных сувэрэнных дзяржаў стварыць такі саюз, які будзе яшчэ мацнейшы за ўнітарнае ўтварэньне.

У нас 6-8 чалавек гіне ў суткі з падазрэньнем на COVID. І мы ўсіх у паталягаанатама правяраем. І не заўсёды гэта пацьвярджаецца.

📺 Цалкам інтэрвію можна паглядзець на сайце CNN.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG