Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы сьвету папрасілі Міністэрства юстыцыі не ліквідоўваць БХК


Вярхоўны суд будзе разглядаць справу супраць БХК 30 верасьня
Вярхоўны суд будзе разглядаць справу супраць БХК 30 верасьня

Прадстаўнічыя міжнародныя арганізацыі зьвярнуліся да беларускага Міністэрства юстыцыі з заклікам не ліквідаваць Беларускі Хэльсынскі камітэт і адклікаць пазоў зь Вярхоўнага суду.

Яны адзначылі, што БХК дзейнічае «ў інтарэсах абароны правоў усіх людзей Беларусі».

Падпісанты звароту самым высокім чынам ацанілі адданасьць БХК у справе абароны правоў чалавека, прафэсійную добрасумленнасьць і прынцыповасьць.

Яны адзначылі, што дзеяньні белаурускіх уладаў парушаюць Дэклярацыю ААН пра абарону правоў чалавека і асноўных свабодаў, а таксама супярэчаць правам людзей на свабоду слова і асацыяцый.

Зварот падпісалі прадстаўнікі

  • Amnesty International,
  • Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека(FIDH),
  • Frontline Defenders;
  • Human Rights House Foundation;
  • Human Rights Watch

Вярхоўны суд разгледзіць пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі БХК 30 верасьня.

Падставай для ліквідацыі Міністэрства юстыцыі назвала «грубае парушэньне заканадаўства». Нібыта БХК аплаціў ганарары двум чалавекам за «паслугі ў доўгатэрміновым назіраньні за выбарамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 2020 году».

У БХК заявілі, што ім невядома, пра якую крымінальную справу і пра каго ідзе гаворка:

«Відавочна, што выкарыстоўваць матэрыялы крымінальнай справы, якія яшчэ не ацэньваліся судом у рамках судовага разбору ў крымінальнай справе, неправамерна. Гаворачы юрыдычнай мовай, калі Вярхоўны суд прызнае, што гэтыя дакумэнты, прычым толькі ў копіях, адпавядаюць рэчаіснасьці, то гэтае рашэньне будзе мець прэюдыцыяльнае значэньне для крымінальнай справы, у якой знаходзяцца гэтыя дакумэнты і па якім абвінавачваюцца канкрэтныя людзі.

Прэюдыцыя — абавязковасьць для ўсіх судоў, якія разглядаюць справу, прыняць без праверкі доказаў факты, раней устаноўленыя судовым рашэньнем у іншай справе, якое набыло законную моц. Г. зн. гэта рашэньне будзе абавязковым для іншага суду ў крымінальнай справе. Такім чынам, рашэньне Вярхоўнага Суду ў справе аб ліквідацыі Беларускага Хэльсынскага камітэту можа парушыць права на абарону людзей, якія праходзяць у крымінальнай справе»,— заявілі ў БХК перад пачаткам працэсу аб лікідацыі арганізацыі.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод зьліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG