У нямецкім рэгіёне Ўсходні Брандэнбург непадалёк ад Бэрліна скончыліся месцы ў цэнтры прыёму ўцекачоў, а людзі ўсё прыбываюць, піша Zerkalo.io з спасылкай на нямецкі таблёід B.Z.
З пачатку верасьня зь Беларусі цераз Польшчу ў рэгіён прыехалі больш за 600 мігрантаў з Іраку, Сырыі і Афганістана. Гэта амаль удвая больш, чым у жніўні.
1100 месцаў у цэнтры ўцекачоў ужо занятыя. Новых мігрантаў селяць у жылыя кантэйнэры і намёты.
Адзін зь мігрантаў, студэнт зь Емэну, расказаў, што здолеў нелегальна перайсьці мяжу ў Польшчу з 12-й спробы. Адтуль яго зь іншымі мігрантамі прывезьлі ў Нямеччыну. Стандартная плата перавозчыку — 1500 даляраў з чалавека, адзначае B.Z.
24 верасьня польскія памежнікі прадухілілі 347 спробаў парушэньня мяжы. Затрымалі 4 мігрантаў і 7 памагатых з польскага боку. Літоўскія памежнікі разьвярнулі 36 мігрантаў, латыскія — 14.
У ліпені Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.