У Рэспубліцы Чувашыя, якая ўваходзіць у склад Расеі, старшыня ўчастковай выбарчай камісіі зьеў акт аб галасаваньні з дому, інфармуе Idel.Реалии.
Назіральнік на ўчастку выявіў, што колькасьць рэальных заяў з просьбай прагаласаваць з дому, што паступілі ў адрас камісіі, меншая за лічбу, якую пазначылі ў акце. Калі ж назіральнік Аляксандар Андрэеў прадэманстраваў сваю копію акту старшыні, той выхапіў дакумэнт, выправіў у ім лічбу і зьеў паперу.
Паліцыянт, які знаходзіўся ў гэты момант у памяшканьні, ніяк не прарэагаваў на парушэньне выбарчага заканадаўства.
У гэтым дні ў Расеі адбываюцца парлямэнцкія выбары. Грамадзяне краіны выберуць 450 дэпутатаў Дзяржаўнай думы. Сёлета на выбары зарэгістраваліся 3812 кандыдатаў ад 14 партый. Акрамя выбараў у думу, у 12 рэгіёнах дзяржавы выбіраюць кіраўнікоў суб’ектаў РФ, а ў 39 рэгіёнах — дэпутатаў заканадаўчых органаў дзяржаўнай улады.
Незалежныя назіральнікі рапартуюць аб сотнях грубых парушэньняў выбарчага заканадаўства, улады гэтага не прызнаюць, паліцыя, згодна з шэрагам паведамленьняў журналістаў, не перашкаджае фальсыфікацыям. У Санкт-Пецярбургу напярэдадні сілавікі зьбілі кандыдата ў Заканадаўчы сход, які выявіў парушэньні на сваім участку.