Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Google запатрабаваў ад каманды Навальнага выдаліць сьпісы «разумнага галасаваньня» з Google Docs

абноўлена

Кампанія Google запатрабавала ад паплечнікаў зьняволенага расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага выдаліць два дакумэнты ў Google Docs са сьпісамі кандыдатаў на выбарах у Дзярждуму Расеі, рэкамэндаваных «Разумным галасаваньнем».

У лісьце ад Google, скрын якога каманда Навальнага выклала ў сваім телеграм-канале, гаворыцца, што спасылкі на гэтыя дакумэнты былі ўнесены ў рэестар забароненых матэрыялаў Раскамнаглду.

«Калі вы ня выдаліце названыя матэрыялы, Google можа быць вымушаны заблякаваць доступ да іх», — цытуе паведамленьне «Настоящее время».

Таксама YouTube заблякаваў відэа каманды Навальнага з рэкамэндацыямі «Разумнага галасаваньня», паведаміла «Медиазона». Прычына — «патрабаваньне дзяржаўных органаў».

Раней Apple і Google выдалілі з сваіх анлайн-крамаў дадатак «Навальный» для расейскіх карыстальнікаў — у дадатку таксама былі апублікаваныя рэкамэндацыі «разумнага галасаваньня». Кампанія Apple удакладніла, што выканала патрабаваньне Раскамнагляду, згодна зь якім распаўсюджваньне кантэнту арганізацый, прызнаных экстрэмісцкімі, у Расе забаронена. Раней Генпракуратура РФ прызнала экстрэмісцкімі структуры Навальнага і забараніла іх дзейнасьць у краіне.

Як піша The New York Times са спасылкай на свае крыніцы, Google выдаліў прыкладаньне пасьля пагрозаў завесьці крымінальныя справы на супрацоўнікаў кампаніі ў Расеі. Пра пагрозы крымінальнай справай з боку расейскіх уладаў таксама паведаміла крыніца Bloomberg.

Неўзабаве пасьля паўночы 18 верасьня мэсанджэр Telegram заблякаваў бот «разумнага галасаваньня». Пры адкрыцьці бота высьвечваецца апавяшчэньне, што ён «парушае мясцовыя законы».

У ноч на 16 верасьня расійскія карыстальнікі паведамілі пра праблемы з доступам да сэрвісу Google Docs. Праекты GlobalCheck і «Роскомсвобода» тады выказалі здагадку, што гэта рэакцыя ўладаў на публікацыю на плятформе Google Docs сьпісаў «разумнага галасаваньня». Раніцай 16 верасьня блякаваньне спыніліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG