Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 14 верасьня: у Магілёве затрымалі хірурга, у Менску засудзілі сям’ю за прыватную перапіску


Раённы суд у Менску.
Раённы суд у Менску.

У Беларусі суды не перастаюць выносіць палітычна матываваныя прысуды за мірныя пратэсты супраць кіраваньня Лукашэнкі, абразы чыноўнікаў і сілавікоў.

15 сутак за відэапаведамленьне на фоне картэжу Лукашэнкі

Увечары 10 верасьня па праспэкце Пераможцаў у Менску праяжджаў картэж Лукашэнкі. Па словах 24-гадовага Антона Герасімовіча, каля Палацу спорту да яго зь дзяўчынай падышлі міліцыянты і папрасілі спыніцца, пакуль не праедзе калёна.

У гэты момант малады чалавек вырашыў запісаць відэапаведамленьне на сваім тэлефоне. Міліцыянты расцанілі гэта як «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП), а ў пратаколе пазначылі, што той «чапляўся да грамадзян, гучна крычаў, размахваў рукамі, спрабаваў пачаць бойку, нецэнзурна лаяўся», паведамляе «Вясна».

Сьведка-міліцыянт «Александровіч» на судзе сьцьвярджаў, што хлопца затрымалі менавіта за яго паводзіны, а ні тэлефона ў руках Антона Герасімовіча, ні спыненых людзей каля праезнай часткі ён не згадаў.

Віны малады чалавек не прызнаў, бо лічыць, што падставай да затрымання стаў менавіта тэлефон.

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Менска Дзьмітры Карсюк палічыў віну затрыманага даказанай і пакараў яго 15-дзённым арыштам.

Супрацоўнікаў цэнтру «Корпус» ня выпусьцілі пасьля адміністрацыйнага арышту, затрымалі ў крымінальнай справе

Пасля 10 сутак арышту не вышлі на волю арт-мэнэджар і дыджэй Аляксандар Багданаў («Папа Бо») і сэнограф Максім Крук – супрацоўнікі культурнага цэнтру «Корпус».

Як перадаюць праваабаронцы, Багданава і Крука затрымалі па крымінальным артыкуле 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Супрацоўнікаў «Корпусу» затрымалі 2 верасьня і асудзілі на 10 сутак (Лізавету Неўмяржыцкую – на 8) нібыта за непадпарадкаванне міліцыянтам.

У Магілёве сілавікі затрымалі хірурга і захапілі чат мэдыкаў

Затрымалі хірурга Магілёўскай абласной лякарні, якую падазраюць у датычнасьці да тэлеграм-каналу «Медики с Народом Могилев», паведамляе «Наша ніва».

Лекарку Магілёўскай абласной дзіцячай лякарні Марыю Ляпёшкіну затрымалі 13 верасьня, на волю яна не выйшла. Прычыны затрыманьня дакладна не вядомыя. Аднак у праўладным канале зьявілася паведамленьне пра захоп ГУБАЗіКам чату «Медики с Народом Могилев».

Першапачаткова ў апісаньні чату было сярод іншага напісана: «Нашы патрабаваньні: спыніць катаваньні, зьбіцьцё і забойствы мірных грамадзян», а таксама «Ніякай палітыкі». Пасьля захопу чату сілавікі пакінулі паведамленне «Да хуткай сустрэчы з кожным». Чат «Медики с Народом Могилев» не знаходзіцца ў сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Марыю Ляпёшкіну абвінавацілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе такую дзейнасьць). Суд пакараў жанчыну штрафам у памеры 870 рублёў (30 базавых велічыняў). Адзін з праўладных тэлеграм-каналаў назваў Ляпёшкіну стваральніцай чату «Медики с Народом Могилев», а таксама адміністратаркай «Белых халатов».

У Менску мужа і жонку засудзілі за прыватную перапіску

Мужа і жонку пяты раз запар арыштавалі за «экстрэмізм» у прыватнай перапісцы. Агулам сям’я правядзе за кратамі 71 дзень.

Як паведамляе «Вясна», 10 верасьня пасьля чарговых «сутак» на волю не выйшлі Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева. Зь ліпеня на сям’ю ў Ленінскім РУУСе Менску складаюць пратаколы паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе такую дзейнасьць) за тое, што яны перасылалі ў прыватных паведамленьнях адзін аднаму інфармацыю з так званых «экстрэмісцкіх каналаў». Апошні раз іх арыштавалі 26 жніўня на 15 сутак. Але пасьля арышту сям’я так і не выйшла на волю — на іх склалі новыя пратаколы па арт. 19.11 КаАП.

Справы Сяргея і Анастасіі разглядзела судзьдзя Ленінскага раёну Юлія Шут, але ў розныя дні: Сяргея — 10 верасня, а Анастасіі — 13 верасьня. Іх справы ў раскладзе зьявіліся толькі пасьля суду. Вядома, што мужа і жонку зноў асудзілі на 15 сутак кожнага. Агулам судзьдзі Ленінскага раёну арыштавалі Сяргея і Анастасію на 71 суткі.​

Два гады «хіміі» за камэнтар у тэлеграме

Суд Смаргонскага раёну 13 верасьня вынес прысуд мясцовай жыхарцы Тацяне Янкоўскай. Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Боландзь, паведамляе «Вясна».

Янкоўскую абвінавацілі ў тым, што ў камэнтары ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» да публікацыі пра начальніка інспэкцыі па справах непаўналетніх Барысаўскага РУУС Натальлі Ярмалінскай напісала: «Кто-то ж тварину замуж взял». Гэты выраз судом быў расцэнены як абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў паводле артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу.

Судзьдзя прызначыў пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі на два гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).

15 сутак нібыта за непадпарадкаваньне

Студэнта БНТУ арыштавалі на 15 сутак за непадпарадкаваньне міліцыянту. Яго затрымалі перад пачаткам хакейнага матчу.

Як паведамляе «Вясна», у «Мінск-Арэне» 12 верасьня прайшоў хакейны матч «Дынама» Менск – «АК Барс», перад яго пачаткам падчас агляду рэчаў затрымалі 20-гадовага студэнта БНТУ Максіма Лычкоўскага.

Хлопца абвінавацілі па арт. 24.3 КаАП за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі на тэрыторыі Цэнтральнага РУУС». Ён на судзе распавёў, што яго «схапілі» супрацоўнікі міліцыі на «Мінск-Арэне», але непадпарадкаваньня ён не чыніў.

Па словах сьведкі-міліцыянта, прычынай затрыманьня Максіма стала інфармацыя аб удзеле студэнта ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на праспэкце Машэрава 10 верасьня. Але, калі яго затрымалі для «праверкі» і павезьлі ў Цэнтральны РУУС, то ён «адмовіўся прайсьці ў будынак, упіраўся нагамі і чапляўся за адзеньне». Судзьдзя Дзьмітры Карсюк арыштаваў Лычкоўскага на 15 сутак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG