Пра гэта Крысьціна Ціманоўская, якая цяпер знаходзіцца ў Польшчы, расказала ў інтэрвію нямецкаму выданьню Welt am Sonntag.
Юры Маісевіч — галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай ў лёгкай атлетыцы на Алімпійскіх гульнях у Токіё. Артур Шумак — намесьнік дырэктара Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі ў лёгкай атлетыцы.
Міжнародны алімпійскі камітэт падчас спаборніцтваў у Токіё пазбавіў іх алімпійскіх акрэдытацый за ціск на Крысьціну Ціманоўскую, якая публічна раскрытыкавала кіраўніцтва Міністэрства спорту і турызму Беларусі за прафэсійную некампэтэнтнасьць.
Дырэктар дэпартамэнту МАК у праграме алімпійскай салідарнасьці і сувязях з нацыянальнымі алімпійскімі камітэтамі Джэймс Маклеод у адказе спартоўцы паведаміў, што неўзабаве тая атрымае сьпіс пытаньняў, на якія трэба будзе адказаць, піша нямецкае выданьне Welt am Sonntag.
У часе такійскай Алімпіяды Крысьціна Ціманоўская раскрытыкавала трэнэрскі штаб нацыянальнай зборнай і галіновае ведамства, праз халатнасьць якіх некаторыя спартоўцы ня трапілі ў Токіё. У выніку атлеты мусілі выступаць у неўласьцівых ім дысцыплінах.
За гэта прадстаўнікі беларускай місіі паспрабавалі дачасна вывезьці яе дадому, аднак лёгкаатлетка папрасіла заступніцтва Міжнароднага алімпійскага камітэту і ў выніку адмовілася вяртацца ў Беларусь, накіраваўшыся ў Польшчу. Там яна заявіла, што мае намер атрымаць спартовае грамадзянства гэтай краіны.
Чальцоў афіцыйнай дэлегацыі Юрыя Маісевіча і Артура Шумака, якія ціснулі на Крысьціну Ціманоўскую, дачасна пазбавілі алімпійскай акрэдытацыі.