У сяле Паграбы Броварскага раёну знайшлі мёртвым судзьдзю з Кіева. Пра гэта паведаміла прэс-служба паліцыі Кіеўскай вобласьці.
У паліцыі адзначылі, што цела судзьдзі было знойдзена 11 верасьня. На месцы падзей працавалі сьледчыя Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў, якія і будуць весьці крымінальную справу. У рэлізе не паведамляюць імя памерлага судзьдзі, аднак агенцтва УНІАН са спасылкай на прэс-сакратара абласной паліцыі Ірыну Пранішнікаву піша, што гаворка ідзе пра судзьдзю Пячэрскага суда Кіева Віталя Пісанца.
Віталь Пісанец быў адным з судзьдзяў па рэзананснай справе аб забойстве беларускага журналіста Паўла Шарамета, ён неаднаразова падаўжаў меры стрыманьня падазраваным па справе Юліі Кузьменцы, Андрэю Антоненку і Яне Дугар.
Аўтамабіль з Паўлам Шараметам узарвалі 20 ліпеня 2016 году ў Кіеве. У сьнежні 2019 году МУС Украіны аб’явіла падазраваных у выканаўстве забойства: гэта музыка і сяржант Сілаў спэцыяльных апэрацый Андрэй Антоненка, вайсковая мэдсястра Яна Дугар, а таксама лекарка і валянтэрка Юлія Кузьменка. У траўні 2020 году Дугар адпусьцілі з-пад хатняга арышту пад заклад, а летам зьнялі электронны бранзалет. 11 жніўня Кузьменку выпусьцілі з СІЗА, замяніўшы меру стрыманьня на хатні арышт, 4 жнiўня 2021 меру стрыманьня зьмянілі на начны хатні арышт. 30 красавіка 2021 году суд адпусьціў Антоненку зь СІЗА пад кругласутачны хатні арышт.
Уладзімір Зяленскі неаднаразова заяўляў, што Авакаў сыдзе ў адстаўку, калі апынецца, што падазраваных па справе Шарамета судзілі незаконна. Авакаў сышоў у адстаўку ў ліпені 2021 году, аднак улады Ўкраіны прычын адстаўкі не назвалі.
Справу аб арганізатарах, заказчыках і мэханізмах выкананьня злачынства іншымі саўдзельнікамі выдзелілі ў асобнае вядзеньне ў чэрвені 2020 году. Цяпер у ёй актыўна вывучаецца і імаверны «беларускі сьлед», паводле матэрыялаў, якія ўкраінскаму сьледзтву перадаў былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар. Гаворка ідзе аб апэратыўных дакумэнтах і аўдыёзапісах размовы 2012 году з удзелам асобы, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава. У размове гаворка ішла аб падрыхтоўцы ліквідацыі апанэнтаў беларускай улады, у тым ліку і Паўла Шарамета.