Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На экс-кіраўніка «Аховы птушак Бацькаўшчыны» завялі крымінальную справу і пакінулі за кратамі яшчэ на 10 сутак


"Фэст кулікоў" у Тураве, які ладзяць "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і ўлады Жыткавіцкага раёну, архіўнае фота
"Фэст кулікоў" у Тураве, які ладзяць "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і ўлады Жыткавіцкага раёну, архіўнае фота

Былога кіраўніка грамадзкага аб’яднаньня «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) Віктара Фенчука затрымалі яшчэ на 10 сутак — у дадатак да ранейшых 12-ці.

Паводле праваабаронцаў, гэтым разам яго затрымалі на падставе артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Віктара Фенчука схапілі 31 жніўня, адразу пасьля таго, як у офісе «Аховы птушак Бацькаўшчыны» прайшоў ператрус. Тады яго асудзілі на 12 сутак, ад таго моманту ён утрымліваецца на Акрэсьціна. Артыкул, які яму інкрымінавалі, невядомы.

Віктар Фянчук — вядомы дзеяч у сфэры аховы навакольнага асяродзьдзя, сябра Франкфурцкага заалягічнага таварыства. Раней узначальваў «Ахову птушак Бацькаўшчыны». У 2014 годзе пераехаў у Белавескую пушчу, дзе ўдзельнічаў у праграме падтрымкі запаведнасьці.

8 лістапада 2020 году Віктара Фенчука затрымалі за ўдзел у акцыі пратэсту і прысудзілі 15 сутак арышту.

31 жніўня ў менскай сядзібе «Аховы птушак Бацькаўшчыны» прайшоў ператрус. Сілавікі папрасілі копіі некаторых фінансавых дакумэнтаў і праверылі тэлефоны супрацоўнікаў. Сьледам затрымалі былога кіраўніка.

«Ахова птушак Бацькаўшчыны» — экалягічная грамадзкая арганізацыя, якая працуе дзеля захаваньня разнастайнасьці відаў і экасыстэм, залучаючы беларусаў да актыўнай аховы прыроды. Паўстала ў 1985 годзе як Беларускае аддзяленьне Ўсесаюзнага арніталягічнага таварыства.

Цяперашнюю назву носіць з 1995 году, калі аддзяленьне аб’ядналася з Заходне-Беларускім таварыствам аховы птушак. У 1999-м атрымала статус афіцыйнага прадстаўніка BirdLife International у Беларусі і афіцыйна назірае за птушкамі, супрацоўнічае з арнітолягамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG