Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьням Анжаліцы Борыс і Анджэю Пачобуту прысудзілі «Палянійную ўзнагароду» Эканамічнага форуму ў Карпачы


Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс, архіўнае фота
Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс, архіўнае фота

Узнагароду ад іх імя атрымалі прадстаўніцы беларускага Саюзу палякаў Ірэна Бярнацкая і Марыя Цішкоўская, паведаміла Беларуская служба Польскага радыё.

Ірэна Бярнацкая сказала на цырымоніі:

— Я вельмі ўзрушана тым, што мы атрымліваем узнагароды ад імя Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута. Яны сапраўдныя героі Польшчы, патрыёты, трымаюцца моцна. Спадзяюся, хутка мы зможам зь імі сустрэцца і ўручыць гэтыя ўзнагароды.

Марыя Цішкоўская заявіла:

— Заклікаю вызваліць Анжаліку Борыс, Анджэя Пачобута і ўсіх палітычных вязьняў! Жыве Беларусь, няхай жыве Польшча!

Журналіста і сябра Рады Саюзу палякаў Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка, ён знаходзіцца ў Жодзінскай турме. Таксама ў сакавіку затрымалі яшчэ трох актывістак польскай дыяспары і старшыню арганізацыі Анжаліку Борыс. Ім закідаюць «распальваньне нацыянальнай варожасьці» і «рэабілітацыю нацызму».

Пазьней стала вядома, што Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс адмовіліся ад вызваленьня ў абмен на згоду пакінуць радзіму. У той жа час іншыя актывісткі — Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава — гэтай магчымасьцю скарысталіся, іх без дакумэнтаў вывезьлі ў Польшчу.

Эканамічны форум у Карпачы — гэта найбуйнейшая канфэрэнцыя ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Штогод на форум, які ладзіцца ў пачатку верасьня, прыяжджае звыш 4000 гасьцей. Гэта палітычныя, эканамічныя і грамадзкія лідэры, а таксама прыблізна 600 журналістаў. Госьці прыяжджаюць з больш як 60 краін Эўропы, Азіі і Амэрыкі. Місія форуму — стварыць спрыяльны клімат для разьвіцьця палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі — чальцамі ЭЗ і іх суседзямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG