Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Таджыкістан 30 гадоў жыве зь «лідэрам нацыі і заснавальнікам міру» Рахмонам


Эмамалі Рахмон, ліпень 2021
Эмамалі Рахмон, ліпень 2021

Таджыкістан адзначае 30-годзьдзе незалежнасьці. Найбяднейшай краінай сярод постсавецкіх рэспублік ужо 30 гадоў аднаасобна кіруе «лідэр нацыі» — прэзыдэнт Эмамалі Рахмон.

Пра кар’еру таджыцкага палітычнага доўгажыхара распавядаецца ў матэрыяле «Голасу Амэрыкі».

Эмамалі Рахмон нядаўна прысвоіў сабе тытул — «лідэр нацыі і заснавальнік міру і нацыянальнай згоды». Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі вінавацяць яго ў аўтарытарным кіраваньні, непрыкрытым нэпатызьме, дзе прэзыдэнцкія сямейнікі падзялілі краіну і кантралююць усе галіны ўлады, уключаючы судовую.

Урачысты парад у гонар 30-й гадавіны незалежнасьці на цэнтральнай плошчы Душанбэ, па традыцыі прымаў прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон. Ён нязьменна знаходзіцца ва ўладзе практычна зь першага дня сувэрэнітэту. На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах, калі Рахмон балятаваўся на 5 тэрмін, згодна з падлікам таджыцкага Цэнтрвыбаркаму, ён атрымаў больш за 90% галасоў. Сам «лідэр нацыі», а менавіта такі тытул сабе прысвоіў Рахмон, нязьменнасьць сваёй улады тлумачыць любоўю народа.

«Сёньня я хачу стакроць падзякаваць вам за тое, што стаў вартым даверу майго народу, а таксама за вялікую веру і сардэчнасьць, якія вы адчуваеце да мяне», — заявіў падчас інаўгурацыі Эмамалі Рахмон.

Аднак замежныя праваабаронцы адзначаюць, што ўсе выбары ў Таджыкістане, ці то прэзыдэнцкія, ці то парлямэнцкія, жорстка кантралююцца дзяржаўнымі органамі, і дапускаюцца туды толькі кандыдаты ад так званай кішэннай апазыцыі.

«Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ / АБСЭ) прыйшло да высновы, што парлямэнцкія выбары ў сакавіку 2020 года „адбыліся ў жорстка кантраляваным асяродзьдзі“. У выбарнікаў не было рэальнай палітычнай альтэрнатывы, паколькі асноўныя палітычныя правы і свабоды былі абмежаваныя, а „сапраўдная апазыцыя была ліквідаваная“», — гаворыцца ў справаздачы Human Rights Watch пад назвай «Tajikistan events of 2020».

У Душанбэ, як правіла, такія ацэнкі называюць неаб’ектыўнымі. 30 гадоў Таджыкістан застаецца самай беднай краінай сярод былых саюзных рэспублік. Штогод мільёны працоўных мігрантаў выяжджаюць у Расею на заробкі. Фактычна краіна жыве за кошт грашовых пераводаў з-за мяжы. Паводле зьвестак расейскага Цэнтрабанку за 2020 год, з Расеі ў Таджыкістан паступіла пераводаў на суму амаль 2 мільярды даляраў. На думку Вольгі Тутубалінай, журналісткі з Таджыкістану, для вырашэньня існых праблем патрэбна палітычная воля.

«Гэта карупцыя, нягледзячы на стварэньне некалькіх ведамстваў, закліканых змагацца зь ёй, праблема толькі пагаршаецца. Гэта нэпатызм і месьніцтва. Гэта нізкі ўзровень свабоды слова. У рэйтынгу свабоды слова „Рэпартэраў бязь межаў“ Таджыкістан займае 162-е месца з 180. Бяда ў Таджыкістане і з правамі чалавека. І гаворка ня толькі цяпер пра катаваньні затрыманых. Ёсьць і шэраг іншых эканамічных праблем. Дарэчы, многія зь іх можна было б вырашыць, калі была б палітычная воля змагацца хаця б зь дзьвюма зь іх — карупцыяй і нэпатызмам», — падкрэсьлівае Вольга Тутубаліна, шэф-рэдактар газэты «Азія плюс».

Улада Рахмона амаль 30 гадоў трымаецца на штыках, па большай частцы расейскіх. 201-я вайсковая база Мінабароны Расеі, колькасьцю каля 10 тысяч чалавек, якая месьціцца ў Душанбэ, Курган-Цюбе і Кулябе, закліканая абараняць пракрамлёўскі рэжым ад зьнешніх ворагаў. Але калі спатрэбіцца, то і ад унутраных. На фоне вываду амэрыканскіх войскаў з суседняга Афганістану ў таджыцкім памежжы прайшлі буйныя вайсковыя вучэньні з удзелам вайскоўцаў Расуі, Казахстану, Узбэкістану і Таджыкістану.

У сваю чаргу, Злучаныя Штаты на працягу 30 гадоў, нягледзячы на аўтарытарызм, дапамагаюць у будаўніцтве самастойнай таджыцкай дзяржавы. Напярэдадні Дня незалежнасьці Таджыкістану дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у афіцыйнай заяве для прэсы падкрэсьліў: «Нашы тры дзесяцігодзьдзі партнэрства заснаваныя на нашай агульнай мэце пабудовы сувэрэннага, незалежнага і заможнага Таджыкістану і шчасьлівага рэгіёну Цэнтральнай Азіі. Дзякуючы нашаму двухбаковаму і шматбаковаму супрацоўніцтву, у тым ліку праз дыпляматычную плятформу „C5 + 1“, мы наладжваем адносіны, якія падтрымліваюць рэгіянальную бясьпеку, эканамічны росквіт і інтэграцыю. Мы таксама працуем з таджыцкім народам у рамках барацьбы з пандэміяй COVID-19, у тым ліку з дапамогай такіх мер, як наша нядаўняе ахвяраваньне паўтара мільёна доз вакцыны праз ініцыятыву COVAX».

На гэты момант дзяржаўны доўг Таджыкістану складае ня менш за 3 мільярды даляраў і роўны амаль 40% ВУП. Як доўга Рахмон зможа лявіраваць паміж Масквой, Пэкінам і Вашынгтонам на фоне прыходу да ўлады талібаў у Афганістане, невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG