Генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антонію Гутэрыш заклікаў сусьветную супольнасьць дзеля выратаваньня жыцьцяў простых афганцаў падтрымліваць дыялёг з радыкальным ісламісцкіх рухам «Талібан», які прыйшоў да ўлады ў Афганістане.
«Наш абавязак — праявіць салідарнасьць з народам, які моцна пакутуе, мільёны могуць памерці ад голаду», — заявіў Гутэрыш у інтэрвію агенцтву AFP, апублікаваным у ноч на пятніцу, 10 верасьня.
Па словах Гутэрыша, сьвет павінен пастарацца пазьбегнуць «эканамічнага каляпсу» ў Афганістане. Генэральны сакратар ААН заклікаў выкарыстоўваць «фінансавыя інструмэнты» для таго, каб афганская эканоміка магла «дыхаць» Ён падкрэсьліў, што трэба зрабіць усё, каб «Афганістан ня быў цэнтрам тэрарызму» і «каб жанчыны ня страцілі правоў, якія яны набылі ў папярэдні пэрыяд». У сувязі з жаданьнем талібаў быць прызнанымі ў сусьветнай супольнасьці зьяўляюцца пэўныя рычагі ўзьдзеяньня на іх, лічыць Антонію Гутэрыш.
Краіны сьвету не сьпяшаюцца наладжваць сяброўскія адносіны з пераходным урадам Афганістану, сфармаваным баевікамі «Талібану».