Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такі Ігар Банцэр


  • Ігар Банцэр — музыкант, актывіст, журналіст, палітвязень.
  • Нарадзіўся 24 лютага 1980 году ў Менску. Зь дзяцінства жыў у Горадні. Бацька працаваў у МУС, маці — выхавацелькай у дзіцячым садку. Ігар паступіў вучыцца ў Варшаўскі ўнівэрсытэт на накірунак «міжнародныя адносіны». Аднак празь некалькі год спыніў вучобу праз хваробу. Пасьля складанай апэрацыі ён вырашыў не аднаўляцца ва ўнівэрсытэце.
  • Каля 10 гадоў працаваў у журналістыцы: карэспандэнтам горадзенскай незалежнай газэты «Пагоня», галоўным рэдактарам польскіх часопісаў Magazyn Polski і Głos znad Niemna ў выгнаньні. Некаторы час быў прэс-сакратаром непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі.
  • Стварыў і ўзначальваў культурную ўстанову «Горадзенскі рок-клюб», дзе займаўся музыкай з падлеткамі і моладзьдзю. У 2021 годзе ўлады ліквідавалі ягоную арганізацыю разам з сотняй іншых прыватных установаў.
  • Зь 2003 году быў лідэрам і сьпеваком свайго стрыт-панк гурта Mister X.
  • Зь 2007 году Банцэра шматкроць затрымлівалі і саджалі на содні. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году яго тройчы асуджалі на адміністрацыйны арышт.
  • 20 кастрычніка 2020 году Банцэра затрымалі за тое, што станцаваў без штаноў перад міліцыянтам Сяргеем Багдзевічам і дэманстраваў яму свае палавыя органы. У пацярпелага міліцыянта прэтэнзій да музыканта не было. Аднак на Банцэра завялі крымінальную справу за хуліганства (частка 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу).
  • Музыкант правёў у СІЗА горадзенскай турмы 5 месяцаў, амаль увесь час у адзіночных камэрах. Праходзіў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках. Тая паказала, што ён здаровы.
  • На судзе Банцэр віны не прызнаў. Ён настойваў, што падчас танцу заставаўся ў стрынгах, да таго ж, яго прыкрывала паясная торбачка. Судовы працэс вяла судзьдзя Натальля Козел, пракурор — Віктар Нічыпарук.
  • 3 сакавіка 2021 году ў першы дзень суду Банцэр абвесьціў «сухую галадоўку» на знак пратэсту. Ён пратрымаўся бязь ежы і вады 16 содняў да 19 сакавіка, калі яму прысудзілі 1,5 года «хіміі» і выпусьцілі ў залі суду. Пасьля пераліку тэрміну (1 дзень у СІЗА раўняецца 2 дням «хіміі»), палітвязьню заставалася сядзець 8 месяцаў.
  • Пасьля зьняволеньня ў гарадзенца выявілі падазрэньне на гепатыт С, а таксама сур’ёзныя праблемы са страўнікам і іншымі ўнутранымі органамі.
  • Ён пачаў адбываць пакараньне 17 чэрвеня 2021 году ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 у Віцебску. Яго не накіравалі на стацыянарнае лячэньне, нягледзячы на стан здароўя.
  • 5 жніўня палітвязень атрымаў 10 дзён штрафнога ізалятару за парушэньне правілаў установы. Потым яму тройчы працягвалі тэрмін утрыманьня ў ШІЗА да 40 дзён без перапынку.
  • Ігар Банцэр жанаты, мае трое дзяцей.
XS
SM
MD
LG