«Я не сумняюся, што разам мы адкажам на гэты выклік і абаронім Літву і Польшчу ад нападаў, арганізаваных беларускім рэжымам», — цытуюць польскія СМІ словы кіраўніцы літоўскага МУС Агне Білатайце.
Улады ў Вільні паведамляюць, што 53 польскія паліцыянты будуць выконваць заданьні на розных участках літоўска-беларускай мяжы.
Зь ліпеня літоўскім памежным службам дапамагаюць супрацоўнікі Frontex і Эўраполу. Мяжу таксама ахоўваюць вайскоўцы.
2 лiпеня Літва абвясьціла рэжым экстрэмальнай сытуацыі ў сувязі з патокам нелегалаў зь Беларусі. Такі рэжым аблягчыў прававое забесьпячэньне неабходных дзеяньняў і каардынацыю намаганьняў органаў улады, прыцягненьне дадатковых сілаў, у тым ліку выкарыстаньне сродкаў дзяржрэзэрву, адзначаецца ў паведамленьні МУС Літвы.
Міністар унутраных спраў Літвы Агне Білатайце заяўляла, што «супраць Літвы вядзецца гібрыдная вайна, а нелегальная міграцыя — адзін са сродкаў».
- 19 ліпеня Аляксандар Лукашэнка прапанаваў дапамогу за грошы ў барацьбе зь нелегальнымі мігрантамі. На гэта ў МЗС Літвы адказалі катэгарычна. «Гэта не дапамога, гэта шантаж», — перадала DELFI словы міністра замежных спраў яго прэс-сакратар Вітаўце Шмайжыце.
- Па дадзеных літоўскіх уладаў, на комплексныя мерапрыемствы па супрацьдзеяньні нелегальнай міграцыі (абсталяваньне плота, інтэлектуальнае назіраньне за мяжой, узмоцнены памежны кантроль разам з саюзьнікамі ў ЭЗ) можа спатрэбіцца да паўмільярда эўра.
- Польскае выданьне infosecurity24 нагадвае, што гэта ня першая падобная місія польскай паліцыі — у 2016 годзе паліцыянты з Польшчы дапамагалі ахоўваць мяжу Вугоршчыны з Сэрбіяй падчас міграцыйнага крызісу.