Дзяніс Івашын нарадзіўся 6 чэрвеня 1979 году ў Горадні.
Журналіст-расьсьледавальнік. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Жанаты.
Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і рэдактарам-валянтэрам беларускай вэрсіі сайта міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны.
Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.
Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 году, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму выставілі абвінавачаньне паводле 365 крымінальнага артыкулу («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»). Яму пагражае да 3 год пазбаўленьня волі.
Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманьне Івашына зьвязана зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію пра гэта тэлеканалу «Настоящее время».
Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.
У траўні 2021 году ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусьцілі разьвітацца зь ёй.
Са словаў сваякоў, ліставаньне зь Дзянісам нерэгулярнае, многія лісты не даходзяць у абодва бакі.
У чэрвені стала вядома, што ў Дзяніса ў карцэры здарыўся сардэчны прыступ. Яму выклікалі кардыёляга, рабілі кардыяграму, прызначылі лекі.
Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў запатрабавала вызваліць Івашына і іншых журналістаў, зьняволеных у Беларусі.