Суд над Марыяй Калесьнікавай і Максімам Знакам ідзе ў паскораным тэмпе, перадае прэс-служба штабу Віктара Бабарыкі. На гэтым тыдні могуць ужо агучыць прысуд.
Ніхто амаль нічога ня можа расказаць пра працэс, бо ўсе пад падпіскай аб неразгалошваньні. Нельга разгалошваць імёны сьледчых, дэталі абвінавачаньня, доказы віны фігурантаў. Адвакаты таксама ня могуць падзяліцца, як будуюць лінію абароны. Апошняе слова Калесьнікавай і Знака грамадзкасьць таксама ня зможа ні пачуць, ні прачытаць.
Адвакат Марыі Калесьнікавай Уладзімер Пыльчанка расказаў прэс-службе штабу Бабарыкі, што абарона падчас суду так і не зразумела ні пляну, ні мэханізму захопу ўлады, пра які гаворыць абвінавачваньне. Ён дадаў, што ў абвінавачаньні не хапае канкрэтыкі, якая павінна быць паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу.
Пыльчанка адказаў, чаму судовы працэс зрабілі закрытым, хоць абвінавачаньне закранае публічную дзейнасьць фігурантаў.
«У нашым выпадку суд палічыў, што матэрыялы справы ўтрымліваюць зьвесткі аб арганізацыі, тактыцы і мэтадах ажыцьцяўленьня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці», — патлумачыў прычыну закрыцьця працэсу адвакат.
Аднак ён дадаў, што ня ўбачыў законных падставаў, каб закрыць працэс.
Матэрыялы справы месьцяцца ў 41 томе. У кожным 250-280 аркушаў. Усе тамы ўжо агучылі. Пачаліся судовыя спрэчкі. Адвакаты будуць прасіць суд апраўдаць сваіх падабаронных. Магчыма, на гэтым тыдні Калесьнікавай і Знаку вынесуць прысуд.
Пыльчанка заўважыў, што суд ідзе ў паскораным тэмпе, з такой хуткасьцю ў судзе ён яшчэ не сутыкаўся.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак, паводле Пыльчанкі, актыўна ўключыліся ў працэс і давалі тлумачэньні амаль па кожным томе крымінальнай справы.
«Настрой у іх баявы, запал ёсьць. Шкада, што грамадзкасьць ня мае магчымасьці за гэтым назіраць», — сказаў Пыльчанка.