Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка западозрыў ЗША ў «сьвядомай дэстабілізацыі» ў зоне адказнасьці АДКБ


Вайскоўцы NATO ў Афганістане
Вайскоўцы NATO ў Афганістане

Аляксандар Лукашэнка, камэнтуючы сытуацыю ў Афганістане, выказаў здагадку, што ЗША «сьвядома дэстабілізавалі сытуацыю». Пра гэта ён заявіў падчас пазачарговай сэсіі савету калектыўнай бясьпекі АДКБ.

«Можна было б сказаць, што кааліцыя на чале з Вашынгтонам пасьля 20 гадоў акупацыі і ўкладаньня калясальных сродкаў села ў лужыну. Давайце будзем думаць, што гэта не зусім так. Нельга скідаць з рахункаў магчымы стратэгічны разьлік на зусім усьвядомлены крок ЗША дзеля стварэньня нестабільнасьці ў рэгіёне. Збольшага ў зоне адказнасьці АДКБ. Яны стварылі праблемы, цяпер перакладаюць іх вырашэньне на іншых. Пры гэтым, па сутнасьці, яшчэ спрабуюць выйсьці сухімі з вады. Амэрыканцы гэта любяць», — цытуе яго прэс-служба.

Лукашэнка не выключае разьмяшчэньня амэрыканскай арміі ў суседніх з Афганістанам краінах.

«Яшчэ адно адчувальнае пытаньне зьвязана з выхадам Штатаў з Афганістану. Гэта магчымыя пляны разьмяшчэньня узброеных кантынгентаў амэрыканскай арміі ў суседніх краінах, у тым ліку чальцах АДКБ», — дапусьціў ён, адзначыўшы пры гэтым, што гэтая тэма заслугоўвае ўважлівага вывучэньня з пункту гледжаньня бясьпекі ў зоне адказнасьці арганізацыі.

«Я абсалютна падтрымліваю прэзыдэнта Расеі, яго заявы пра тое, што палёты баявых самалётаў ЗША, перш за ўсё над краінамі АДКБ, непрымальныя. І ня толькі для Расеі — для ўсіх нас як чальцоў. Больш за тое, абсалютна салідарны зь ім, што рух NATO (яны ўжо знахабнелі да крайнасьці, зразумела, рухаюцца празь Беларусь у Расею), спроба сесьці ў Цэнтральнай Азіі таксама для Расейскай Фэдэрацыі і для нас непрымальныя», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Лідэры дзяржаваў – чальцоў АДКБ дамовіліся да 16 верасьня выпрацаваць меры сумеснага рэагаваньня на пагрозы, якія ідуць з Афганістану пасьля зьмены ўлады ў гэтай краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG