«Талібы выйгралі спрэчку мяча і зброі, і цяпер яны адказныя за абарону гонару, багацьця і самапавагі землякоў», — напісаў Гані ў фэйсбуку.
Пры гэтым ён падкрэсьліў, што ўлада сама па сабе не паказвае легітымнасьці, і талібам неабходна здаць «гістарычны тэст, абараніўшы імя і гонар Афганістану». Многія людзі і плямёны, на думку Гані, ня маюць упэўненасьці ў будучыні, яна здаецца ім ненадзейнай.
Ён дадаў, што талібам давядзецца прыкласьці намаганьні, каб заваяваць давер жыхароў краіны. Гані спадзяецца, што «Талібан» складзе зразумелы плян кіраваньня краінай і пераканае ў яго правільнасьці народ.
Ашраф Гані патлумачыў свае ўцёкі з Афганістану тым, што не хацеў, каб пралівалася кроў. На яго думку, дабраахвотная адстаўка і вылет з краіны дапамаглі пазьбегнуць разаніны ў Кабуле.
Тым часам Дзярждэпартамэнт ЗША і Пэнтагон у сумеснай заяве паведамілі, што павялічаць колькасьць амэрыканскіх вайскоўцаў у Афганістане да 6000 у наступныя 48 гадзін. Гэта зробяць для апэратыўнай эвакуацыі чальцоў амэрыканскай дыпляматычнай місіі, іх сямейнікаў, іншых грамадзян ЗША, а таксама аўганцаў, якія супрацоўнічалі з амэрыканскімі арганізацыямі краіны.
Газэта The Washington Post са спасылкай на свае крыніцы напісала, што з пачатку 2020 году талібы таемна дамаўляліся з супрацоўнікамі сіл бясьпекі Афганістану аб тым, каб тыя за плату аддавалі ўзбраеньне, здаваліся або дэзэртавалі. Таксама негалосныя дамовы заключаліся з кіраўнікамі аўганскіх правінцый і іншымі чыноўнікамі.
У публікацыі канстатуецца, што гэтыя угоды дапамаглі талібам практычна без супраціву захапіць кантроль над шэрагам правінцый дзяржавы.