Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірацкі дыплямат: «Мігрантаў з Іраку падманулі»


Будаўніцтва плоту на літоўска-беларускай мяжы
Будаўніцтва плоту на літоўска-беларускай мяжы

Супраць выкарыстаньня свайго народу ў міжнародных канфліктах выступіў часовы павераны ў справах Іраку ў Польшчы Хусэйн Мансур Аль-Сафі, паведамляе МЗС Іраку.

Пры гэтым дыплямат падкрэсьліў, што Канстытуцыя яго краіны гарантуе кожнаму грамадзяніну права на перамяшчэньне і добраахвотную міграцыю.

Паводле кіраўніка дыпмісіі, ірацкіх мігрантаў падманулі, яны заслугоўваюць увагі з боку Беларусі і Літвы. Аль-Сафі заявіў пра цяжкасьці, зь якімі сутыкаюцца яго суайчыньнікі ў лягерах уцекачоў.

Часовы павераны адзначыў, што ўрад Іраку чакае больш прапаноў ад Літвы для вырашэньня праблемы міграцыі, у тым ліку тых, што стымулявалі б вяртаньне на радзіму, асабліва ўлічваючы «вялікі падман» з боку кантрабандыстаў, які каштаваў мігрантам немалых грошай, і іх выкарыстаньне ў якасьці «цацак у палітычным канфлікце».

Як паведамляе МЗС Іраку, сваю пазыцыю дыплямат выказаў на онлайн-перамовах з удзелам прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы, літоўскага МЗС, памежнай службы гэтай краіны, дыпляматамі Іраку, Турэччыны, Аўганістану і Конга.

Адзначаецца, што Наўседа пахваліў Ірак за супрацоўніцтва ў вырашэньні праблемы нелегальных мігрантаў на літоўска-беларускай мяжы і падкрэсьліў, што яго краіна выконвае нормы міжнароднага гуманітарнага права. Пры гэтым Літва, заявіў прэзыдэнт, пакідае за сабой права абараняць свае межы і тэрытарыяльны сувэрэнітэт у выпадку пагрозы нацыянальнай бясьпекі і бясьпекі Эўразьвязу.

Раней літоўскія ўлады заявілі пра гатоўнасьць выплаціць кожнаму мігранту 300 эўра ў выпадку яго згоды вярнуцца на радзіму.

  • 6 жніўня ірацкія ўлады загадалі нацыянальным авіяперавозчыкам спыніць палёты ў Менск. Дазволены толькі вываз суайчыньнікаў на радзіму. Рашэньне было прынятае пасьля перамоў Багдаду з Эўразьвязам, Літвой і Латвіяй. МЗС Іраку папярэдзіла суграмадзян аб небясьпецы стаць ахвярамі гандлю людзьмі.
  • Іракцы складаюць большасьць затрыманых мігрантаў, якія перайшлі зь Беларусі ў Літву. Усяго з пачатку 2021 году літоўскія памежнікі затрымалі 4112 чалавек, 68% зь іх — іракцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG