Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не пры гэтай уладзе, відаць». Газэта «Новы час» спыняе выхад на паперы


Прыватная друкарня «Roll Print», у якой друкавалася газэта «Новы час», паведаміла рэдакцыі, што з 12 жніўня ня зможа аказваць паслугі

Прычынай назвалі «зьмяненьне вытворчага цыклю і ўзьніклыя праз гэта вытворчыя складанасьці».

Ліст з друкарні прыйшоў яшчэ 27 ліпеня, з таго часу рэдакцыя шукала магчымасьць друкавацца ў іншых друкарнях, але бяз плёну.

Сёньня «Новы час» паведаміў, што спыняе выхад на паперы.

«На жаль, на наступным тыдні нашы чытачы больш ня ўбачаць любімую газэту ў паштовай скрыні, прынамсі, не пры гэтай уладзе, відаць», — напісала рэдакцыя.

Далей журналісты «Новага часу» будуць працаваць для сайту і сацыяльных сетак выданьня.

Раней «Белпошта» не ўключыла «Новы час» у падпісны каталёг на другое паўгодзьдзе. Зь ліпеня рэдакцыя рассылала газэту ў канвэртах, у тым ліку палітвязьням у турмы.

Пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году шэраг незалежных друкаваных выданьняў сутыкнуўся з праблемамі — ім адмаўлялі ў паслугах друкарні, а «Белпошта» выключала іх з падпісных каталёгаў.

З праблемамі друку і распаўсюду, ініцыяванымі ўладамі, сутыкнуліся «Народная воля», «БелГазета», «Свободные новости Плюс», «Комсомольская правда в Беларуси», «Газета Слонімская», «Брестская газета», «Новы час». Большасьць зь іх прыпынілі выхад у друкаванай форме і перайшлі ў інтэрнэт. Разам з тым працягваецца і перасьлед онлайн-выданьняў, напрыклад, Tut.by пазбавілі статусу СМІ, а цяпер могуць прызнаць матэрыялы парталу «экстрэмісцкімі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG