Віктар Бабарыка: «Я ніколі не хацеў застацца і жыць у Беларусі так, як хачу гэтага цяпер»
Пасланьне з-за кратаў да гадавіны выбараў перадае палітвязень Віктар Бабарыка, ён ужо адбывае тэрмін у калёніі ў Наваполацку. Бабарыку арыштавалі яшчэ да выбараў, 18 чэрвеня, і пра тое, яе праходзіў пратэст, ён даведваўся ад сваіх адвакатаў, з навінаў на ТБ і па сыгналах аўтамабіляў, якія чулі ў СІЗА КДБ.
«Я ніколі не хацеў застацца і жыць у Беларусі так, як хачу гэтага цяпер, — кажа палітвязень. — І, хоць з 18 чэрвеня мінулага году я ня бачыў краіны, разумею: вобраз будучай Беларусі, які ёсьць у мяне ў галаве, падзяляе вельмі шмат людзей».
Сяргей Ціханоўскі: «Ідзе агульнаплянэтная рэклямная кампанія Беларусі»
«Празь нежаданьне расстацца з уладай у Беларусі цалкам разгромленая свабода выказваць уласную думку, свабода зьбірацца, свабода атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю, рэпрэсаваныя незалежныя СМІ, праваабарончыя арганізацыі, няма закону і даверу да праваахоўнай і судовай сыстэмаў, – перадае з-за кратаў палітвязень Сяргей Ціханоўскі.
Але беларусы знайшлі салідарнасьць і ўпершыню адчулі сябе нацыяй, убачылі вялікую падтрымку за мяжой. Па сутнасьці, ідзе агульнаплянэтная рэклямная кампанія Беларусі. Пасьля перамогі дэмакратыі, якая непазьбежная, мы зможам гэтую сусьветную вядомасьць выкарыстоўваць для дынамічнага разьвіцьця дзяржавы, кажу гэта як рэклямнік з 15-гадовым стажам. Ідзіце да перамогі!»
- Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» і былы прэтэндэнт на прэзыдэнцкіх выбарах Віктар Бабарыка быў асуджаны на 14 гадоў калёніі нібыта за атрыманьне хабару і адмываньне грошай. У судзе сваёй віны не прызнаў. Пакараньне адбывае ў папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку.
- Прадпрымальніка і блогера Сяргея Ціханоўскага затрымалі 29 траўня ў Горадні ў часе перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ сямі асобам выставілі абвінавачваньне паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак). Закрыты суд над імі ідзе ў СІЗА Гомля.