«Сёньня была адна з найцяжэйшых начэй у маім жыцьці, калі я, дбаючы аб перадухіленьні катаваньняў, назіраў за выкананьнем рашэньня міністра ўнутраных справаў пра стрымліваньне мігрантаў каля мяжы» — напісаў у фэйсбуку кантралёр у правах чалавека парлямэнту Літвы Вітаўтас Валенцінавічус, перадае Delfi.lt.
«Мы абʼехалі Друскеніцкую заставу. Там беларускія памежнікі запускалі асьвятляльныя ракеты і назіралі за нашымі памежнікамі з вышкі і схаваўшыся ў лесе. Мы бачылі, што рух на баку Беларусі інтэнсіфікуецца».
А 4-й гадзіне праваабаронца прыехаў да месца, дзе на беларускім баку стаялі каля 45 мігрантаў, якіх літоўскія памежнікі вярнулі ў Беларусь .
«Яны малілі пашкадаваць іх, пусьціць у Літву — бясьпечную краіну ЭЗ. Тады літоўскія памежнікі з словамі „go to a safe coutry — Belarus, go away“ пачалі адганяць іх. Група ня зрушылася».
«У бок Літвы пайшла жанчына зь дзіцем, яна не зважала на крыкі літоўскіх памежнікаў. Чую ў рацыі — не ўпускаць. Жанчына зь дзіцем не баіцца нават сабакі. Абняўшы дзіця, просіць пашкадаваць яе і ўпусьціць у Літву. Астатнія таксама просяць прыняць жанчыну зь дзіцем. У руках у жанчыны кропельніца, нібыта дзіцё з кропельніцай. Аднак памежнікі падышлі, пабачылі, што гэта падман, і надалей выконвалі рашэньне міністра МУС — адганяць. Але яна ня рухалася, памежнікі ўзялі яе пад рукі і перанесьлі ў бок Беларусі. Дзіця плача».
Праз гадзіну ён прыехаў на месца, дзе мяжу перайшлі 34 чалавекі, зь іх 15 — дзеці.
«Вярнуць іх у тым жа месцы літоўскія памежнікі ня могуць, бо ў 5:30 чуваць аўтаматныя чэргі, беларускія памежнікі страляюць у паветра, шыхтуюцца памежнікі у шаломах, з шчытамі і дручкамі. Аўтаматныя чэргі не сьціхаюць», — напісаў Валенцінавічус. Літоўскія памежнікі мусілі перавезьці нелегалаў на аўтобусе да іншага ўчастку мяжы. Там іх высадзілі і адправілі ў бок Беларусі.
Вітаўтас Валенцінавічус ня ўпэўнены, што калі Беларусь будзе фармаваць больш падобных групаў, у літоўскага боку хопіць магутнасьцяў, каб усіх адагнаць.
«А што зь людзьмі, якія робяцца закладнікамі дзьвюх дзяржаваў, адна зь якіх (аўтарытарная) штурхае групу мігрантаў пераходзіць мяжу стрэламі ў паветра, а другая (дэмакратычная) не прымае іх, адганяючы сабакамі ды ўзброенымі памежнікамі і вайскоўцамі?» — задаецца пытаньнем Валенцінавічус.
Сёлета мяжу зь Беларусі ў Літву перасеклі больш за 4 тысячы мігрантаў. Большасьць зь іх ірацкія грамадзяне.
Ад 3 жніўня на загад міністра ўнутраных справаў літоўскія памежнікі пачалі вяртаць мігрантаў у Беларусь, транзытам церазь якую яны рушаць у Літву з краін Азіі і Афрыкі. 5 жніўня літоўцы затрымалі толькі 19 мігрантаў, астатніх разьвярнулі. 6 жніўня колькасьць затрыманых мігрантаў зьменшылася да двух, яшчэ сто мігрантаў літоўскія памежнікі не прапусьцілі. Аднак павялічыўся паток мігрантаў у Польшчу — там за дзень затрымалі больш за 70 парушальнікаў мяжы.
4 жніўня Памежны камітэт Беларусі паведаміў пра гібель іракца паблізу памежнага пункту ў Беняконях. Ён нібыта сканаў на руках беларускіх памежнікаў. Літоўскія службы заявілі, што прачыталі гэтую інфармацыю ў СМІ, а кіраўнік Міністэрства абароны Літвы Арвідас Анушаўскас назваў гэтыя паведамленьні беларускага боку «правакацыяй».
5 жніўня Аляксандар Лукашэнка загадаў «закрыць кожны мэтар мяжы». «Ня дай бог яны [сумежныя краіны] пачнуць рэалізоўваць тактыку выправаджэньня людзей, якіх яны туды паклікалі. Вы ведаеце наступствы, яны — таксама. Таму хай думаюць, мы іх папярэдзілі», — сказаў ён.