У Гомелі хлопцу прысудзілі 3,5 гады калёніі за інсталяцыю з партрэтам Лукашэнкі, фота якой ён апублікаваў у інтэрнэце.
Прысуд 25-гадоваму гамельчуку Артуру Рыбіну агучылі 3 жніўня ў Гомельскім абласным судзе. Яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Хуліганства» (ч. 1 арт. 339) і «Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130).
У леташнім лістападзе Артур Рыбін вырабіў інсталяцыю з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі і надпісам «Гары ў пекле», усталяваў яе на адной з гарадзкіх пустак, сфатаграфаваў і выклаў фота ў тэлеграм-чат, пішуць «Сильные новости».
За гэтыя дзеяньні Артуру Рыбіну выставілі абвінавачваньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу.
Пракурор Жана Дударава запрасіла для яго пакараньне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўленьня волі з накіраваньнем у калёнію агульнага рэжыму.
Сёньня Артур Рыбін выступіў з апошнім словам:
«У спрэчках пракурор адзначыла, што я не прызнаю сваю віну, але гэта ня так. Я чыстасардэчна раскаяўся яшчэ падчас папярэдняга сьледзтва, потым яшчэ раз пацьвердзіў гэта ў ходзе суду», — сказаў Артур Рыбін.
Ён падкрэсьліў, што ўпершыню прыцягваецца да крымінальнай адказнасьці і гэта дазваляе яму спадзявацца на ласку суду, які палічыць магчымым абраць для яго меру стрыманьня, не зьвязаную з расстаньнем з сям’ёй. У канцы прамовы хлопец зьвярнуўся да маці: «Можа быць, я ня самы добры чалавек. Але, матулечка, ведай, што я вельмі моцна цябе люблю!»
У выніку Гомельскі абласны суд асудзіў Артура Рыбіна да 3,5 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі агульнага рэжыму.