Дата дня
31 ліпеня 1998 году памёр Аляксей Філіпчанка, юрыст, праваабаронца, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х, ахвяра палітычнага перасьледу.
Ёсьць людзі, якія тлеюць, а ёсьць людзі, якія гараць. Аляксей Філіпчанка належаў да другіх, і, на вялікі жаль, у дадзеным выпадку ў гэтых словах няма аніякай банальнай мэтафары: аднойчы ён пстрыкнуў запальнічкай і ператварыў сябе ў жывую паходню...
Пачаўшы ў 1978-м прафэсійную кар’еру ў адной з раённых пракуратураў, Аляксей вельмі хутка стаў «важняком» — абласным сьледчым у асабліва важных справах. Ён спэцыялізаваўся на гэтак званых «пярэваратнях» — злачынцах у мундзірах: пракурорах, судзьдзях, міліцыянтах.
Аляксей быў удзельнікам адмысловай групы пракуратуры СССР, што ў другой палове 1980-х займалася шырокавядомай справай віцебскага маньяка Міхасевіча, які пятнаццаць гадоў заставаўся няўлоўным, у той час, калі за ягоныя бясконцыя вусьцішныя злачынствы зноў і зноў саджалі і нават расстрэльвалі абсалютна бязьвінных людзей.
Відаць, якраз з таго часу Філіпчанка і нажыў сабе сярод некаторых віцебскіх «законьнікаў» заклятых ворагаў. Тым больш што з прыходам да ўлады першага прэзыдэнта ён ня раз публічна заяўляў, што ў Беларусі, як некалі і за савецкім часам, праваахоўныя органы выйшлі з-пад кантролю грамадзтва.
Аляксееў калега Леанід Сапранецкі называў яго сьледчым найвышэйшага клясу і чалавекам з крыштальным сумленьнем.
У новай іпастасі праваабаронцы Філіпчанка дапамагаў адстойваць свае інтарэсы свабодным прафсаюзам ды іншым грамадзкім структурам, якія былі ня ў ласцы ва ўлады.
Кажуць, ён нагадваў «мужыцкага адваката» Францішка Багушэвіча — з гатовасьцю браўся за складаныя справы простых людзей.
Адна з такіх справаў сталася для яго фатальнай. У жанчыны-пэнсіянэркі, заслужанага будаўніка Беларусі, у абход закону забралі пакой у двухпакаёвай кватэры.
Філіпчанка дабіваўся адмены гэтай пастановы два гады. Вычарпаўшы ўсе сродкі змаганьня зь беззаконьнем, Аляксей у роспачы адважыўся на крайні крок: пісьмова паведаміў, што, калі судовыя чыноўнікі не скасуюць рашэньня, ён публічна спаліць сябе.
Улады нічога не зрабілі, каб прадухіліць трагедыю.
Гэта здарылася 8 ліпеня 1998 году.
Яшчэ бясконцыя дваццаць тры дні Аляксей жыў у рэанімацыі, амаль увесь час застаючыся ў прытомнасьці.
Ягоны брат па духу праваабаронца Валеры Шчукін, які нёс на пахаваньні крыж, сказаў, што не ўхваляе ўчынку Філіпчанкі, бо апошнюю кулю трэба пакідаць для ворага, але дадаў, што бясконца захапляецца асабістай мужнасьцю калегі.
«Хартыя-97» пасьмяротна прысудзіла Аляксею сваю першую прэмію за праваабарончую дзейнасьць.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 454–455.
Таксама ў гэты дзень
1649 — пад Лоевам адбылася самая буйная бітва казацкай вайны часоў паўстаньня Багдана Хмяльніцкага. Урадавыя войскі Вялікага Княства Літоўскага разьбілі 25-тысячнае казацкае войска на чале зь Міхаілам Крычэўскім.
1920 — пасьля завяршэньня савецка-польскай вайны на сумесным пасяджэньні Менскага губрэўкаму і ЦК КП(б) Літвы і Беларусі была прынятая «Дэклярацыя аб абвяшчэньні незалежнасьці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь». Усходняй мяжой ССРБ была прызнаная мяжа Менскай губэрні.
1944 — у Беларусі пачалася маштабная апэрацыя НКВД з мэтаю ліквідацыі ў заходніх раёнах узброенага падпольля. Усяго за год арыштавалі амаль сто тысячаў чалавек, забілі пры супраціве 3200.
1949 — на першым кангрэсе беларусаў у ЗША створаная арганізацыя «Беларуска-амэрыканскае Задзіночаньне» (БАЗА).
1956 — выйшла пастанова ЦК КПСС пра разьвіцьцё жыльлёвага будаўніцтва ў СССР, лічыцца днём нараджэньня знакамітых «хрушчовак».
1991 — ЗША і Савецкі Саюз падпісалі дамову аб скарачэньні стратэгічных узбраеньняў, паводле якой запасы ядзерных боегаловак бакоў былі скарочаныя на траціну.
У гэты дзень нарадзіліся
1802 — Ігнат Дамейка, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху Беларусі, славуты чылійскі навуковец.
1817 — Ігнат Храпавіцкі, паэт і фальклярыст.
1912 — Мілтан Фрыдман, амэрыканскі эканаміст, нобэлеўскі ляўрэат 1976 году.
1965 — Джоан Роўлінг, ангельская пісьменьніца, аўтарка кніг пра Гары Потэра.
1989 — Вікторыя Азаранка, беларуская тэнісістка.
У памяці
1556 — Ігнацы Ляёла, заснавальнік ордэна езуітаў.
1784 — Дэні Дзідро, францускі мысьляр і пісьменьнік.
1849 — Шандар Пэцёфі, вугорскі паэт і рэвалюцыянэр (загінуў у баі).
1886 — Фэрэнц Ліст, вугорскі кампазытар.
1944 — Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры, францускі пісьменьнік (загінуў у баі).