Як расказала Натальля Пінчук, 29 ліпеня яна атрымала першую вестку ад мужа за два тыдні ягонага зьняволеньня. Праўда, на аркушы фігуравала лічба тры, а гэта азначае, што два іншыя не дайшлі.
Па словах Натальлі, допіс быў вельмі кароткі, што для Алеся зусім не характэрна: падчас зьняволеньня ў 2011–2014 гадах ён пісаў вялікія тэксты. Цяперашні ліст тычыўся толькі побытавых пытаньняў. У прыватнасьці, Алесь падзяліўся, што ўзяў зь бібліятэкі кнігу.
Тым часам стала вядома, што старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму адмовілі ў зьмене меры стрыманьня.
Суд Партызанскага раёну Менска ў закрытым рэжыме разгледзеў скаргу абаронцы Алеся Бяляцкага на пастанову аб меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Судзьдзя Міхаіл Макарэвіч скаргу не задаволіў — Алесь Бяляцкі і надалей застанецца ў СІЗА № 1.
Алеся Бяляцкага затрымалі 14 ліпеня ў рамках крымінальнай справы паводле ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты падаткаў).
Тады сілавікі ўзялі таксама іншых «вясноўцаў» — Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча.
У зьняволеньні застаюцца праваабаронцы:
- Алесь Бяляцкі
- Валянцін Стэфановіч
- Уладзімер Лабковіч
- Леанід Судаленка
- Тацяна Ласіца
- Марфа Рабкова
- Андрэй Чапюк.