Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Ўкраіна амаль завяршылі дэмаркацыю мяжы. Якія ўчасткі яшчэ засталіся?


Украінска-беларускі памежны пераход у Новых Ярылавічах
Украінска-беларускі памежны пераход у Новых Ярылавічах

Памежнікі Беларусі і Ўкраіны завяршылі ў чарнобыльскай зоне дэмаркацыю 120 кілямэтраў беларуска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы, якую распачалі год таму.

Як паведамілі ў прэсавай службе Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на сустрэчы ў Гомлі бакі заплянавалі іншыя працы на мяжы, якія плянуюць завершыць да канца 2021 году.

Удзельнікі сустрэчы таксама канстатавалі завяршэньне супольных прац дзеля пераносу лініі дзяржаўнай мяжы з мапы на мясцовасьць «у цэлым па ўсёй працягласьці кардонаў, з выняткаў рачных участкаў — на Дняпры і Сажы.

Украінскія памежнікі ўсталявалі больш як 1,5 тысячы памежных знакаў.

Дзяржаўная мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай складае 1084,2 км, зь іх 758,3 км на сухаземным участку, 325,9 км на водным участку (па рэках Дняпро, Сож і Прыпяць) і каля 120 км у зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС. Прылеглая да дзяржаўнай мяжы тэрыторыя цяжкапраходная, вялікія плошчы пакрытыя густымі лясамі, балотамі, невялікімі азёрамі і разгалінаванай сеткай мэліярацыйных каналаў, большасьць якіх даўно ня дзейнічае.

Аб інтэнсыфікацыі ўпарадкаваньня дзяржаўнай мяжы паміж Беларусьсю і Ўкраінай у красавіку 2017 году дамовіліся Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка. Тады ж заплянавалі на 2020 год падпісаць дамову аб рэжыме дзяржаўнай мяжы, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў памежных пытаньнях.

Пэрспэктыўны плян дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы на 2018–2026 гады зацьверджаны ў чэрвені 2017 году. Некаторыя дэмаркацыйныя работы на мяжы Беларусі і Ўкраіны фінансуе Эўразьвяз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG