Улады Беларусі пачалі масавую атаку на дзясяткі няўрадавых арганізацый, якія традыцыйна складалі касьцяк дынамічнай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Пра гэта пішуць Таня Локшына і Рэйчэл Дэнбэр, намесьніцы дырэктара аддзелу Эўропы і Цэнтральнай Азіі ў міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch.
Аўтаркі адзначаюць, што да гэтага часу праваабарончым і іншым няўрадавым арганізацыям у Беларусі шмат гадоў удавалася неяк выжываць ва ўмовах створанага Лукашэнкам аўтарытарнага рэжыму. «Але тое, што адбылося на гэтым тыдні, азначае канец грамадзянскай супольнасьці, якую мы прывыклі бачыць у Беларусі. Няма сумневаў, што грамадзянская актыўнасьць працягнецца — але цяпер, хутчэй за ўсё, гэта будзе жыцьцё ў падпольлі або ў выгнаньні», — сьцьвярджаюць яны.
«Давайце больш ня будзем называць тое, што адбываецца, „наступам на грамадзянскую супольнасьць“. На нарадзе зь міністрамі 22 ліпеня сам Аляксандар Рыгоравіч не пасаромеўся загаварыць менавіта пра „зачыстку“, і нам таксама варта называць рэчы сваімі імёнамі. Ключавыя міжнародныя актары павінны разам стаць на абарону грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і супрацьстаяць спробам расправы над ёю», — заключаюць Таня Локшына і Рэйчэл Дэнбэр.
Human Rights Watch нагадвае:
- закручваньне гаек у Беларусі нарастае ўжо год
- за кратамі цяпер больш як 500 чалавек
- ад арыштаў журналістаў, ператрусаў у рэдакцыях і закрыцьця СМІ ўлады перайшлі да вынішчэньня грамадзянскіх групаў, якія адстойваюць шырокі спэктар правоў
- паралельна ідзе ціск на адвакатаў, якія пад пагрозай крымінальнага перасьледу ня могуць нават камэнтаваць абвінавачаньні, што выстаўляюцца фігурантам такіх спраў
- улады за адзін дзень 23 ліпеня закрылі звыш 40 НДА