Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія заканадаўцы заклікалі МАК адкласьці зімовыя Алімпійскія гульні ў Кітаі


На думку двухпартыйнай групы Кангрэсу ЗША, у адваротным выпадку гульні 2022 года будуць праходзіць на фоне жахлівых парушэньняў правоў мусульман-уйгураў у Кітаі.

Са зваротам у Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) зьвярнулася група прадстаўнікоў Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыяў ЗША.

У лісьце, накіраваным у пятніцу, утрымліваецца заклік адкласьці Алімпійскія гульні 2022 года ў Пэкіне ў сувязі з працягам рэпрэсіяў супраць мусульман у Кітаі, у прыватнасьці, супраць мусульман-уйгураў, якіх улады краіны прымусова адпраўляюць у лягеры для «перавыхаваньня».

«Мы ня бачылі сьведчаньняў таго, што МАК распачаў якія-небудзь крокі, каб зрабіць ціск на ўрад Кітаю, каб ён зьмяніў свае паводзіны, — гаворыцца ў звароце. — У адваротным выпадку МАК створыць нэгатыўны прэцэдэнт, які палягае ў тым, што дзеяньні ўрадаў краін, якія прымаюць Алімпійскія гульні, ня будуць прымацца пад увагу міжнароднай супольнасьцю».

У двухпартыйную групу падпісантаў ўваходзяць сэнатар Джэф Мэрклі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Джым Макговэрн (Дэмакратычная партыя), а таксама сэнатар Марка Рубіё і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Крыс Сьміт (Рэспубліканская партыя).

Аўтары звароту падкрэсьлілі, што ў кампэтэнцыю МАК уваходзіць перанос Алімпійскіх гульняў. Так, напрыклад, летнія Алімпійскія гульні 2020 году ў Японіі былі адкладзеныя з прычыны пандэміі COVID-19.

У МАК раней заявілі, што яны — ня «ўрад сьвету», здольны вырашыць палітычныя праблемы ў КНР.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, з 2016 году ўлады Кітаю зьмясьцілі ў лягеры каля мільёна уйгураў і прадстаўнікоў іншых пераважна мусульманскіх меншасьцяў.

У Кітаі заявілі, што цэнтры створаныя «для прафэсійнага навучаньня і для барацьбы з рэлігійным экстрэмізмам».

У адміністрацыі Джо Байдэна кажуць, што не плянуюць забараняць амэрыканскім спартоўцам удзельнічаць у Гульнях у Пэкіне, аднак маюць намер выпрацаваць агульны падыход да гэтага пытаньня з саюзьнікамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG