Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ 110 мігрантаў, якія ішлі зь Беларусі, затрымалі на літоўскай мяжы


Мігранты на мяжы Беларусі і Літвы, 20 ліпеня 2021 году
Мігранты на мяжы Беларусі і Літвы, 20 ліпеня 2021 году

Толькі за ліпень затрымалі 1677 мігрантаў.

Як паведамляе памежная служба Літвы, усяго ў 2021 годзе на мяжы зь Беларусьсю затрымалі 2338 нелегальных мігрантаў. Гэта ў 28 разоў больш за леташнюю лічбу.

У чэрвені памежнікі затрымалі 473 мігранты, у траўні — 77, у красавіку — 70, у сакавіку — 8. За ліпень іх затрымалі 1677.

Бальшыня затрыманых імкнецца трапіць у краіны Заходняй Эўропы празь Літву.

Сярод затрыманых на літоўскай мяжы мігрантаў 1307 былі грамадзянамі Іраку альбо назваліся такімі. Акрамя таго, грамадзян Конга было 184, Камэруну — 123, Гвінэі — 78, Ірану — 74, Сырыі — 69, яшчэ 72 чалавекі маюць грамадзянства Афганістану ды іншых краін.

9 ліпеня Літва пачала ставіць 550-кілямэтровую агароджу з калючага дроту на мяжы зь Беларусьсю, абвінаваціўшы беларускія ўлады ў тым, што яны пускаюць у краіну мігрантаў з-за мяжы, каб затым незаконна перапраўляць іх у Эўразьвяз. Агароджа на мяжы зь Беларусьсю будзе каштаваць Літве больш як 40 млн эўраў.

Літва абвінавачвае афіцыйны Менск у датычнасьці да арганізацыі патоку мігрантаў зь Беларусі. Парлямэнт Літвы на мінулым тыдні прыняў рэзалюцыю, якою прызнаў штораз большую міграцыю празь Беларусь «гібрыднай агрэсіяй».

Афіцыйная Вільня перакананая, што да мігранцкага крызісу непасрэдна датычныя ўлады Беларусі. Гэтага ў Менску не аспрэчвалі, спасылаючыся на вымушанае скарачэньне выдаткаў на ахову мяжы ў сувязі з заходнімі санкцыямі. Аляксандар Лукашэнка сказаў у адрас Літвы пра наркотыкі і мігрантаў: «Самі будзеце іх есьці і лавіць».

19 ліпеня ў інтэрвію тэлеканалу Sky News Arabia Лукашэнка ўжо адпрэчыў абвінавачаньні ў спрыяньні дастаўцы мігрантаў на літоўскі бок. Ён заявіў, што да міграцыйнага крызісу нібыта датычныя «групоўкі людзей злачыннага характару», якія знаходзяцца ў самой Літве. А таксама заявіў, што гатовы дапамагчы Літве ў гэтай барацьбе, «але не задарма».

Міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс назваў словы Лукашэнкі «шантажом», дадаўшы, што Літва «не разьлічвае на штосьці іншае ад тэрарыстычнага рэжыму» ў Менску.

20 ліпеня стала вядома, што прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа падпісаў папраўкі да закону аб праўным становішчы іншаземцаў, ініцыяванага праз крызіс зь нелегальнымі мігрантамі.

Папраўкі, сярод іншага, прадугледжваюць скарачэньне тэрмінаў разгляду просьбы аб прытулку да дзесяці дзён і пазбаўленьне просьбітаў прытулку права абскардзіць рашэньне суду першай інстанцыі ў апэляцыйным парадку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG