«Главком» апублікаваў копію позвы, якую падпісаў старшы сьледчы галоўнай управы СБУ ў Данецкай і Луганскай абласьцях Тарас Бутэнка. У дакумэнце сказана, што Шайгу павінен прыбыць у Марыюпаль 20 ліпеня «для ўручэньня пісьмовага падазрэньня паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу «стварэнне непрадугледжаных законам ваенізаваных узброеных фармаваньняў, што прывяло да гібелі людзей».
Аналягічную позву СБУ падрыхтавала для расейскага бізнэсоўца Канстанціна Малафеева.
У 2014 годзе ў дачыненьні да Малафеева і Шайгу ва Ўкраіне распачалі крымінальную справу. Бізнэсоўца западозрылі ў дапамозе фінансаваньню «нявыяўленых асобаў у незаконных узброеных фармаваньнях на тэрыторыі Ўкраіны», а Шайгу — у «арганізацыі ўдзелу нявыяўленых асобаў у незаконных узброеных фармаваньнях».
У жніўні 2016 году Генэральная пракуратура Ўкраіны абвясьціла ў вышук міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу і яшчэ 17 высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў, якіх падазраюць у цяжкіх злачынствах супраць асноваў нацыянальнай бясьпекі краіны, грамадзкай бясьпекі, міру і міжнароднага правапарадку.
Як заяўляў кіраўнік ведамства Юры Луцэнка, дзеяньні чыноўнікаў прывялі да гібелі больш за дзьвюх тысяч і раненьню ня менш за васьмі тысяч украінскіх вайскоўцаў, а таксама зьнішчэньню тэхнікі і маёмасьці на суму каля 50 мільярдаў даляраў.