Былая журналістка закрытага ўладамі парталу Tut.by была летась асуджаная на 6 месяцаў турмы. Яе абвінавацілі ў парушэньні мэдычнай тайны. Барысевіч апублікавала зьвесткі пра тое, што ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. На тым, што Бандарэнка ў момант забойства быў п’яны, настойваў Аляксандар Лукашэнка.
Быўшы штатным карэспандэнтам Tut.by, Барысевіч асьвятляла судовыя працэсы і сацыяльныя праблемы.
«Узнагароджаньне Барысевіч прэміяй Камітэту абароны журналістаў дазваляе зьвярнуць увагу на цяжкае становішча журналістаў у Беларусі, якія адчуваюць беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі», — гаворыцца на сайце арганізацыі.
Разам з Барысевіч ляўрэатамі Міжнароднай прэміі за свабоду прэсы сталі журналісты з Гватэмалы, Мазамбіку і М’янмы.