Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль: Пуцін і Лукашэнка дамовіліся, што цана на газ для Беларусі ў 2022 годзе застанецца ранейшай


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, 13 ліпеня 2021 году
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, 13 ліпеня 2021 году

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў аўторак дамовіліся аб крэдытнай падтрымцы Беларусі ў сувязі з падатковым манэўрам у РФ.

Пра гэта паведаміў журналістам прэс-сакратар расейскага лідэра Дзьмітрый Пяскоў па выніках перамоваў, якія прайшлі ў Санкт-Пецярбургу, паведамляе агенцтва Інтэрфакс.

«Дамовіліся пра абʼёмы крэдытнай падтрымкі ў сувязі з падатковым манэўрам у Расеі», — сказаў Пяскоў.

Таксама ён паведаміў, што Пуцін і Лукашэнка дамовіліся пра захаваньне цэны на расейскі газ у 2022 годзе на ўзроўні бягучага году. Апрача таго, былі ўзгодненыя захады супрацоўніцтва ў канкрэтных галінах, у прыватнасьці ў энэргетыцы.

Пяскоў адзначыў, што ў Пуціна і Лукашэнкі была «грунтоўная і працяглая па часе размова». Сустрэча працягвалася больш за пяць гадзін.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG