Аналягічнае абвінавачваньне выстаўлена палітыку Рыгору Кастусёву і юрысту Юрасю Зянковічу (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу). Усім затрыманым пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Марына Шыбко, жонка Аляксандра Фядуты, напісала ў Facebook, што акурат атрымала ад мужа ліст.
«Вязень замка „амэрыканка“, напісаў, што з нагоды трох месяцаў за кратамі падрыхтаваў лекцыю па тэме „Срэбнага стагодзьдзя“, але прачытаў яе раней — двух сукамэрнікаў пераводзяць, а яны добрыя людзі (не палітычныя), моцна палягчалі ягонае жыцьцё і хацелі паслухаць. Наогул з-за сьпякоты дрэнна пішацца, адчуваньне, што ў сауне, думкі аб сьвежым паветры. Ну, зімовага досьведу ўжо набраўся 10 гадоў таму, цяпер асвойвае летні», — зазначае Марына Шыбко.
Яна таксама дадае, што лісты ад мужа прыходзяць вельмі дзіўна: то ніводнага за тыдзень, а потым — тры адразу. Пошта працуе як уздумаецца: ад каго захоча дастаўляе, каго захоча — байкатуе.
«Перажываў, што месяц не было закупкі кніг дык упершыню прачытаў „Зьнесеных ветрам“. І хоць ня любіць „жаночай літаратуры“, прызнаў: жанчыны напісалі, як мінімум, дзьве вялікія кнігі — „Авадзень“ і „Зьнесеныя ветрам“ (на ангельскай мове). Трэцяя — „У вайны не жаночы твар“, але гэта іншы жанр. Далей разам будзем чытаць Пастэрнака, плаўна пераходзячы ў Забалоцкага, а „Раку Цішыні“ Мартынава вывучым напамяць (паабяцаў, што як вернецца — праверыць). І напісаў (яшчэ да „чорнага чацьвярга“), што будзе адстойваць сваю свабоду, але ня коштам свабоды іншых», — падсумавала Марына Шыбко.
12 красавіка ў Шклове сілавікі затрымалі кіраўніка партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Увечары таго ж дня жонка паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Расеі, а 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што ён затрыманы. У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча.
17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы нібыта рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей. Ён абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху траіх затрыманых.
Усе яны цяпер утрымліваюцца ў СІЗА КДБ. Сьледзтва ў справе аб спробе дзяржперавароту працягнулі да кастрычніка.