Вядома, што пасьля ператрусу бабруйскую журналістку Марыну Маўчанаву таксама дапыталі і адпусьцілі з падпіскай аб неразгалошваньні, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
У гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца канфіскавалі ўсю кампутарную тэхніку: кампутары, тэлефоны, жончын пляншэт, флэшкі, усе фотаапараты, дыктафоны, у тым ліку і старыя касэтныя, якія Анатоль зьбіраўся аддаць у музэй незалежнай журналістыкі, паведамляе «Народная Воля». У пратаколе вобшуку ўказана 26 найменьняў забранай тэхнікі і носьбітаў інфармацыі.
У пастанове на вобшук было напісана, што дома ў Анатоля Гатоўчыца «могуць быць прадметы і рэчы, якія маюць дачыненьне да крымінальнай справы № 2112435935». Што гэта за справа і якое дачыненьне да яе мае журналіст — невядома. Як кажа сам журналіст, у яго склалася ўражаньне, што вобшук адмыслова быў зьвязаны з канфіскацыяй тэхнікі, сродкаў сувязі і грошай, бо ў 71-гадовага Анатоля Гатоўчыца, які ўжо на пэнсіі, пыталіся яшчэ і пра банкаўскія карткі. У лютым у журналіста таксама прайшоў ператрус з канфіскацыяй тэхнікі, кампутары аддалі зусім нядаўна.
Ператрусы ў рэдакцыях недзяржаўных мэдыя і ў журналістаў працягваюцца два дні. Прадстаўнікі сілавых структур наведалі рэдакцыі і (або) асобных журналістаў ня менш чым 12 СМІ. 8 і 9 ліпеня ў зоне цікавасці сілавікоў аказаліся «Наша ніва» (сайт nn.by, часопіс «Наша гісторыя», Менск), Intex-Press (Баранавічы), «Ганцавіцкі час», «Першы Рэгіён» (Ганцавічы), «Інформ-прогулка» (Лунінец), Media-Polesye (Пінск, Лунінец), Orsha.eu, «Брестская газета», «Виртуальный Брест», «Сильные новости» (Гомель), Onliner.by.
8 ліпеня па ўсёй Беларусі затрымалі ня менш за 15 прадстаўнікоў мэдыясфэры і грамадзкіх актывістаў, у тым ліку чатырох супрацоўнікаў «Нашай Нівы»: галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча, рэдактара Андрэя Скурко, галоўнага бухгальтара Вольгу Раковіч і галоўрэда «Нашай гісторыі» Андрэя Дынько. Ягор Марціновіч быў затрыманы на 72 гадзіны па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства па арт. 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх»). Сайт «НН» заблякаваны рашэньнем Міністэрства інфармацыі на падставе апавяшчэньня Генпракуратуры.
9 ліпеня інфармацыя пра затрыманьні журналістаў не паступала, аднак, як і напярэдадні, прайшлі ператрусы, былі канфіскаваныя носьбіты інфармацыі (кампутары, тэлефоны).